Мінск 09:15

Лукашэнка чакае “далейшага паглыблення” адносін з Тайландам

5 снежня, Позірк. Асновай для “далейшага паглыблення двухбаковых адносін” з’яўляецца “рэалізацыя існуючага патэнцыялу беларуска-тайландскага супрацоўніцтва”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, павіншуючы 5 снежня караля Тайланда Маху Вачыралангкорна з Нацыянальным днём.

“Шматвяковая гісторыя Тайланда адзначана подзвігамі і дасягненнямі на шляху будаўніцтва незалежнай квітнеючай дзяржавы, якая сёння мае высокі аўтарытэт, займае годнае месца ў сям’і краін Паўднёва-Усходняй Азіі і ўносіць важны ўклад у развіццё рэгіёну”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, “традыцыйна дружалюбныя і ўстойлівыя кантакты” паміж краінамі “дазваляюць пашыраць сувязі ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах”.

“Зацікаўленасць у актывізацыі і павышэнні ўзроўню міждзяржаўнага ўзаемадзеяння пацверджана падчас афіцыйнага візіту міністра замежных спраў Беларусі ў ліпені 2025 года”, — падкрэсліў ён.

Падчас згаданага візіту ў Тайланд кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова быў падпісаны міжурадавы мемарандум аб узаемаразуменні і стварэнні сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Таксама была выказана ўзаемная зацікаўленасць у тым, каб “як мага хутчэй” падпісаць пагадненні аб бязвізавым рэжыме і аб арганізацыі прамых авіязносін паміж краінамі. Чакаецца, што самалёты “Белавія” пачнуць лётаць у Тайланд са студзеня 2026 года.

Паводле інфармацыі на сайце амбасады Беларусі ў В’етнаме, якая курыруе таксама адносіны з Бангкокам, у 2021 годзе двухбаковы абарот склаў 134,9 млн долараў (беларускія пастаўкі — 94,8 млн). Аснову беларускага экспарту ў Тайланд тады складалі пушна-футравая сыравіна, малочная сыроватка, тэхнічны вуглярод. Вядучыя пазіцыі імпарту: шыны, вылічальная апаратура, арэхі і садавіна, палімеры этылену, тэкстыль.

11 лютага 2025 года стала вядома, што прэм’ер-міністр Тайланда Пхетхонгтан Тчынават павіншавала Лукашэнку з прадаўжэннем паўнамоцтваў. Яна выказала надзею, што пры “непасрэдным удзеле” Лукашэнкі абедзве дзяржавы “будуць і далей умацоўваць двухбаковыя адносіны і адкрыюць новыя магчымасці для супрацоўніцтва ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”.

Гатоўнасць Беларусі да “актывізацыі беларуска-тайландскага супрацоўніцтва ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай галінах” пацвердзіў Лукашэнка, віншуючы 5 снежня 2024 года караля Маху Вачыралангкорна з Нацыянальным днём.

З паслання вынікала, што афіцыйны Мінск жадае пашыраць “дзелавыя і гуманітарныя кантакты”, развіваць “канструктыўнае ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Тайландам устаноўленыя 21 ліпеня 1992 года.

Падзяліцца: