Мінск 11:27

Беларусь сёмы месяц запар на апошнім месцы ў ЕАЭС па дынаміцы сельгасвытворчасці

Ілюстрацыя: "Позірк"

10 снежня, Позірк. Па выніках студзеня — кастрычніка 2025 года Беларусь засталася на апошнім месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па дынаміцы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, сведчыць праведзенае Позіркам параўнанне даных Дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

У студзені Беларусь заняла па гэтым паказчыку 2-е месца ў ЕАЭС, у студзені — лютым — 4-е, студзені — сакавіку — 4-5-е (разам з Расіяй), студзені — красавіку, студзені — траўні, студзені — чэрвені, студзені — ліпені, студзені — жніўні, студзені — верасні — апошняе.

За 10 месяцаў агулам па саюзе ў гэтай сферы зафіксаваны рост на 2,9% (тут і далей у гадавым вымярэнні): у Казахстане — на 5,4%, Расіі — на 2,8%, Кыргызстане — на 2%; у Беларусі адзначана зніжэнне на 0,1%. Даныя па Арменіі публікуюцца раз у квартал, па выніках 9 месяцаў быў зафіксаваны рост на 6,1%.

Аб’ём вытворчасці жывёлы і птушкі на забой (у жывой вазе) у ЕАЭС за названы перыяд 2025 года вырас на 0,4%: у Кыргызстане — на 3,1% (378,3 тыс. тон), Казахстане — на 2,8% (1 млн 542,6 тыс. т), Расіі — на 0,2% (11 млн 880,1 тыс. т); у Беларусі — знізіўся на 0,5% (1 млн 492 тыс. т).

Вытворчасць малака ў ЕАЭС павялічылася на 1,6%: у Казахстане — на 5,2% (3 млн 253 тыс. т), Беларусі — на 4,8% (7 млн 698,3 тыс. т), Кыргызстане — на 2,8% (1 млн 622,1 тыс. т), Расіі — на 0,4% (28 млн 895,5 тыс. т).

Вытворчасць яек вырасла на 4,5%: у Кыргызстане — на 8% (734,1 млн), Беларусі — на 4,9% (3 млрд 277,3 млн), Расеі — на 4,5% (40 млрд 571,3 млн), Казахстане — на 1,4% (3 млрд 787,5 млн).

24 кастрычніка на нарадзе аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “самае галоўнае — нельга працу ў жывёлагадоўлі ператвараць у крымінальную дзейнасць”. “За памылкі павінен быць найстражэйшы персанальны попыт. Пакуль, як бы мяне ні спрабавалі пераканаць у адваротным, бачу, што негатыўную тэндэнцыю вы не пераламалі. Галоўнае, у вас няма элементарнага — дысцыпліны“, — назваў традыцыйную для яго прычыну Лукашэнка.

Тэму падзяжу ён лічыць адной з самых набалелых у сельскай гаспадарцы. Паводле яго слоў, негатыўныя тэндэнцыі зафіксаваныя ў 51 раёне краіны (у 13 з іх падзеж павялічыўся ў 1,5 раза і болей).

“Бязладдзі ў Віцебскай вобласці, пра якія з фотаздымкамі дакладваў мне Камітэт дзяржкантролю, характэрныя для ўсёй краіны. Замест канкрэтнай працы і хай невялікіх, але рэальных станоўчых зрухаў вы працягваеце займацца прыпіскамі і фальсіфікацыяй інфармацыі. Корм быццам бы ёсць, але ён паўсюдна няякасны. У кожнай пятай сельгасарганізацыі ў палове раёнаў рэспублікі выяўлены парушэнні. Замест сенажу на ўліку ў вас гнілаж”, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыняў аблвыканкамаў, якіх прызначае сам.

Акрамя таго, сказаў прамоўца, істотныя праблемы адзначаны ў ветэрынарнай сферы, асобныя гаспадаркі альбо наогул вакцынацыю не праводзяць, альбо лечаць пратэрмінаванымі ветпрэпаратамі: “Што вы робіце? Вы замест лекаў ўпырсквае цялятам яд — пратэрмінаваныя лекі. Гэта нармальна? У вас ветэрынарныя кадры замест таго, каб выконваць свае прамыя абавязкі, прыдумляюць новыя спосабы ўтойвання падзяжу”.

На фоне пагаршэньня сытуацыі з пагалоўем буйной рагатай жывёлы Лукашэнка 17 чэрвеня на выязной нарадзе па сельскай гаспадарцы ў Мінскім раёне заявіў, што за апошнія гады ўлады “намацалі, якім шляхам развівацца ў жывёлагадоўлі“.

Паводле яго слоў, у краіне не больш за траціну сельгаспрадпрыемстваў, на якія “трэба звярнуць пільную ўвагу“, астатнія працуюць альбо “агулам нядрэнна“, альбо “на высокім узроўні“.

29 траўня на першым пасяджэнні ўрада новага складу Лукашэнка паскардзіўся, што падзеж жывёлы “дасягнуў гістарычнага максімуму“.

У 2024 годзе Беларусь лідзіравала ў ЕАЭС па дынаміцы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў студзені (+4,3%), студзені — лютым (+6,9%), студзені — сакавіку (+6,8%), студзені — красавіку (+6,9%), студзені — траўні (+8,1%), студзені — чэрвені (+10,2%), студзені — ліпені (+18,1%); у студзені — жніўні была другой (+10,2%); у студзені — верасні, студзені — кастрычніку, студзені — лістападзе, студзені — снежні — трэцяй (+5,1%, +3,2%, +3,3% і +3,4% адпаведна).

Падзяліцца: