Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў

14 снежня, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” вітае вызваленне 13 снежня свайго кіраўніка Алеся Бяляцкага, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча ды іншых беларускіх палітвязняў.
Гэтая падзея, як адзначана ў заяве арганізацыі, стала вынікам “працяглых, паслядоўных і прынцыповых намаганняў беларускага грамадства, міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, міжнародных арганізацый і дыпламатыі ЗША і еўрапейскіх дэмакратый”, якія на працягу многіх гадоў “уздымаюць пытанне незаконнага пазбаўлення волі праваабаронцаў, журналістаў, грамадзянскіх актывістаў і іншадумцаў у Беларусі і дамагаюцца іх вызвалення”.
“Алесь Бяляцкі — заснавальнік “Вясны”, праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру [2022 года], чалавек, чыё імя непарыўна звязана з абаронай чалавечай годнасці, свабоды і салідарнасці ў Беларусі, — гаворыцца ў дакуменце. — Яго вызваленне мае вялізарнае значэнне не толькі для праваабарончай супольнасці і грамадства краіны, але і для ўсіх, хто працягвае змагацца за правы чалавека ва ўмовах рэпрэсій”.
Выхад Бяляцкага на волю пацвярджае тое, што “міжнародная салідарнасць, ціск і прынцыповая пазіцыя дэмакратычных дзяржаў здольныя прыносіць рэальныя вынікі”, лічаць праваабаронцы. На іх думку, “гэта магчымасць для аднаўлення ўнутранага дыялогу ў Беларусі”.
“У той жа час “Вясна” падкрэслівае, што радасць ад вызвалення Алеся Бяляцкага не можа засланіць той факт, што больш за тысячу беларускіх палітычных зняволеных, у тым ліку члены “Вясны” [каардынатар валанцёрскай службы] Марыя Рабкова і [намеснік кіраўніка арганізацыі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека] Валянцін Стэфановіч, па-ранейшаму застаюцца за кратамі, зазнаючы жорсткае абыходжанне, абмежаванне правоў, ціск і ізаляцыю. Кожны дзень пазбаўлення волі для гэтых людзей — гэта працяг несправядлівасці і парушэння фундаментальных правоў чалавека”, — канстатавала праваабарончая арганізацыя.
Аўтары заявы заклікалі улады Беларусі “неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць крымінальны і адміністрацыйны пераслед з палітычных матываў, а таксама стварыць умовы для аднаўлення вяршэнства права, правоў чалавека і асноўных свабод”.
“Вясна” выказала шчырую падзяку “ўрадам дэмакратычных краін, дыпламатам, міжнародным арганізацыям, праваабарончым сеткам і ўсім людзям, якія на працягу гэтых гадоў праяўлялі настойлівасць і салідарнасць, не дазваляючы забыць пра лёсы палітычных зняволеных у Беларусі”.
“Мы заклікаем і надалей працягваць гэтую працу, дамагаючыся свабоды для кожнага і кожнай, хто быў пазбаўлены яе за свае перакананні”, — гаворыцца ў заяве.
Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы пра “кантрабанду грошай” і “фінансаванне парушэння грамадскага парадку” яны былі прыгавораныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.
Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года. Праз два гады, 6 верасня 2022-га, яе прыгаварылі да 15 гадоў зняволення па палітычна матываванай “справе анархістаў” (па выніках разгляду скаргі тэрмін быў скарочаны да 14 гадоў і 9 месяцаў). Затрыманы 2 кастрычніка 2020 года валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк, які праходзіў па той жа справе, быў прыгавораны да 6 гадоў пазбаўлення волі (пазней тэрмін зменшылі на 3 месяцы). У красавіку 2025 года Чапюк выйшаў на волю і пакінуў Беларусь.
13 снежня 2025 года пасля перамоў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні, у тым ліку 110 беларускіх грамадзян (109 — ва Украіну, адзін — Бяляцкі — у Літву).
У аперацыі ўдзельнічала Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. Беларускія вязні былі прынятыя паводле той жа схемы, што і ўкраінцы, якіх вызваляюць з расійскага палону.
“Позірк” вёў анлайн-рэпартаж аб гэтай падзее (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай).
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка



