Мінск 02:15

Распачата спецвытворчасць у дачыненні да Вікторыі Бакуновіч паводле “экстрэмісцкіх” артыкулаў КК

16 снежня, Позірк. Пра пачатак 15 снежня спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да 47-гадовай Вікторыі Бакуновіч паведамляецца ў спецыялізаваным тэлеграм-канале Следчага камітэта.

Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361¹ (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 2 арт. 361⁴ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

СК прапануе Бакуновіч з’явіцца ў сваё мінскае ўпраўленне.

У кастрычніку 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “экстрэмісцкім фармаваннем” групу “Xinkalik” у дадатку Zello, якім карысталіся кіроўцы, а Бакуновіч назвалі датычнай да гэтага фармавання.

Спецвытворчасць — гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс.

Магчыма паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачвання, правядзення судоў і канфіскацыі паводле іх рашэння маёмасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Спецвытворчасць у Беларусі распачатая ў дачыненні да 164 чалавек.

Падзяліцца: