Мінск 13:00

Вялікая група беларускіх палітвязняў прыбыла з Украіны ў Варшаву, Калеснікава сустрэлася з сястрой

Віктар Бабарыка ў Варшаве
Фота: "Позірк"

18 снежня, Позірк. Вялікая група беларускіх палітвязняў у ноч на 18 снежня прыбыла з Украіны ў Варшаву.

Паводле ацэнкі карэспандэнта “Позірку”, які быў сярод тых, хто сустракаў групу, у польскую сталіцу прыехалі блізу 90 чалавек.

Таксама сярод тых, хто сустракаў палітвязняў, была Таццяна Хоміч — сястра Марыі Калеснікавай. “Яны не бачыліся пяць гадоў. Турма, ізаляцыя, кіламетры і сотні лістоў, якія не дайшлі. Увесь гэты час адна сястра была голасам іншай — кожны дзень. Сёння яны сустрэліся”, — адзначыла з гэтай нагоды прэс-служба Віктара Бабарыкі.

Раней паведамлялася, што ў Еўрасаюз з Украіны выехала 109 палітвязняў. Каля 80% з іх накіроўваліся ў Варшаву, астатнія — у Вільнюс, паведаміў “Позірку” дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.

Выезд ажыццёўлены праз пункт пропуску Ягодзін у Валынскай вобласці (з польскага боку Дарагуск).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў былі вывезеныя на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

У той жа дзень фонд салідарнасці BySol абвясціў пачатак збору ахвяраванняў для былых палітвязняў — 123 тыс. еўра (па 1 тыс. на кожнага для забеспячэння першачарговых патрэбаў). Паступіла 254.730 еўра, або ў 2,1 раза больш. Збор працягнецца да 31 снежня.

Падзяліцца: