Мінск 15:53

“Экстрэмісцкім” фарміраваннем прызнаны рыцарскі клуб “Барысфен”

Крыніца: gck-mogilev.by

17 снежня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” “групу грамадзян, якія дзейнічаюць з 2020 года сумесна і ўзгоднена, аб’яднаных пад агульнай назвай “Барысфен”, якая, паводле версіі ведамства, “ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”.

Паводле версіі ведамства, адносіны да фарміравання маюць Павел Станкевіч, а таксама Павел Лішанкоў і Дзмітрый Далячка, вынікае з запісу, які з’явіўся ў адпаведным пераліку на сайце МУС 17 снежня — у дзень прыняцця рашэння.

Да “экстрэмісцкіх” прылічаны тыя, што маюць дачыненне да “Барысфена” і яго кіраўніка старонкі ў сацсетках “Фэйсбук” і “Укантакце”, а таксама “лагатып у выглядзе палатна чырвонага колеру з намаляваным на ім кулаком з мячом белага колеру, у верхняй частцы якога змешчаны надпіс “БАРЫСФЕН” et dignitas“.

У лістападзе згаданыя старонкі ў сацсетках былі прызнаныя міністэрствам інфармацыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, а ў пачатку снежня Станкевіч выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту.

Станкевіч зноў затрыманы паводле адміністрацыйнага артыкула, паведамляе праваабарончы праект “MAYDAY.TEAM“.

Ён знаходзіцца ў Магілёўскім ІЧУ.

Паводле інфармацыі на сайце Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу, на яго базе дзейнічае народны калектыў рыцарскай сярэднявечнай культуры “Барысфен”, якім кіруе Станкевіч.

Адзначаецца, што калектыў створаны ў 1998 годзе.

“Асноўныя напрамкі клуба: вывучэнне гісторыі беларускага сярэднявечча, культуры, побыту, рэканструкцыя адзення, даспехаў, дэманстрацыя элементаў сярэднявечнай харэаграфіі, пастаноўка турніраў”, — гаворыцца на сайце дзяржустановы.

Цяпер у “пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, які сумесна вядуць МУС і КДБ, 323 пазіцыі.

Падзяліцца: