Мінск 15:18

Улады Беларусі хочуць падключыць Аман да ўзвядзення новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея

Рэндар на сайце Нацыянальнага гістарычнага музея

20 снежня, Позірк. Развіццё беларуска-аманскай супрацы ў сферы культуры і адукацыі абмеркаваў 20 снежня ў Мінску міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў з намеснікам старшыні савета папячыцеляў Нацыянальнага музея Амана — памочнікам прарэктара Універсітэта імя Султана Кабуса Монай бінт Фахад аль Саід і генеральным сакратаром гэтага музея Джамалем аль Мусаві.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, дэлегацыя з гэтай краіны на Аравійскім паўвостраве прыбыла “для адкрыцця выставы аманскіх традыцыйных срэбных вырабаў, якая будзе працаваць у перыяд са снежня 2025 года па красавік 2026 года на пляцоўцы Нацыянальнага мастацкага музея” Беларусі.

“Адбылося дэталёвае абмеркаванне магчымасцяў падключэння Нацыянальнага музея Амана да праекта будаўніцтва новага Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з запрашэннем кіраўніка беларускай дзяржавы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што бакі намецілі планы па “абмене выставамі, а таксама гастролямі творчых калектываў у 2026–2027 гадах”.

На сустрэчы з аманскім султанам Хайсамам бін Тарыкам аль Саідам 6 кастрычніка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка прапанаваў умацаваць узровень даверу паміж краінамі ў тым ліку шляхам супрацы ў сферы спорту і культуры.

“Цяпер, абапіраючыся на лепшы міжнародны досвед, мы ўзводзім новы Нацыянальны музей гісторыі Беларусі. Былі б удзячныя за парады самага, можна сказаць, беларускага аманца — генеральнага сакратара Нацыянальнага музея Амана (маці аль Мусаві родам з Рэчыцы. — “Позірк”.)”, — заявіў тады палітык.

У адпаведнасці з указам № 50 ад 5 лютага пабудаваць новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея (НГМ), “Парк народнага адзінства” і “стварыць пастаянную экспазіцыю музея ў раёне сталічнай вуліцы Арлоўскай” плануецца ў 2025–2027 гадах.

Музею нададзены статус “усебеларускай моладзевай будоўлі”, удзел у якой могуць узяць маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў.

6 верасня 2024 года Лукашэнку прадставілі канцэпцыю новага будынка НГМ на ўчастку паміж пр. Пераможцаў — вул. Арлоўскай і ракой Свіслач, то бок на месцы былога парку забаў “Дрымлэнд”.

Адзначалася, што планавальнае рашэнне будынка НГМ паўтарае контур мапы Беларусі. У экспазіцыю музея ўвойдуць экспанаты і інфармацыя пра гісторыю беларускіх земляў, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснасцю.

У экспазіцыі, сказаў тады Лукашэнка, не павінна быць “ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перахлесту”. У ёй, на яго думку, трэба адлюстраваць “аб’ектыўны погляд” на беларускую гісторыю, “каб не толькі беларусы, але і іншыя народы маглі пагадзіцца з яе трактоўкай або, ва ўсякім разе, не маглі адпрэчыць і адмаўляць яе”.

Зараз галоўны будынак НГМ знаходзіцца на вул. Карла Маркса.

Падзяліцца: