Дэпутат Бундэстага: Размяшчэнне войскаў РФ у Беларусі пагражае НАТО, неабходна ўмацоўваць усходнюю мяжу Польшчы
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 21 снежня 2025 года ў 14:37
20 снежня, Позірк. Размяшчэнне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі нясе пагрозу бяспецы краінам НАТО. Такую заяву зрабіў дэпутат нямецкага Бундэстага, намеснік кіраўніка фракцыі ХДС/ХСС у пытаннях замежнай палітыкі, бяспекі і правоў чалавека Норберт Ротген у інтэрв’ю газеце Das Parlament.
Дэпутата папрасілі пракаментаваць паведамленні аб назапашванні Расіяй войскаў у Беларусі каля мяжы з НАТО і Еўрасаюзамм (Польшча, Літва і Латвія ўваходзяць у абодва аб’яднанні. — “Позірк“.). Журналіст прапанаваў парламентарыю адказаць на асцярогі, што праз падтрымку Украіны Еўропе самой не хопіць зброі для абароны.
“Мы з вялікім спазненнем пачалі нарошчваць узбраенні для падтрымання абараназдольнасці Германіі і еўрапейскіх суседзяў, здольнасці стрымлівання [праціўніка] і цяпер вядзем гонку з часам, каб нагнаць абсталяванне сістэмамі ўзбраенняў, боепрыпасамі і тэхнікай. Нам трэба гэта зрабіць у дачыненні да ўсіх уразлівых месцаў на тэрыторыі НАТО”, — заявіў Ротген.
Паводле яго слоў, гэта тычыцца ўсходняй мяжы Польшчы, усходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора, а таксама Украіны.
“Калі б Украіна заўтра капітулявала, у нас была б зусім іншая, непасрэдная пагроза тэрыторыі НАТО. Таму пагрозу, якая зыходзіць ад размяшчэння войскаў у Беларусі, нельга выкарыстоўваць як падставу адмовіцца ад абароны ва Украіне, паколькі і тое, і іншае (расійская агрэсія ва Украіне і размяшчэнне войскаў РФ у Беларусі. — “Позірк“.) — пагроза нашай бяспецы”, — заявіў нямецкі парламентарый.
Інфармацыю аб тым, што ў Беларусі размешчана 360 тыс. баяздольных расійскіх вайскоўцаў, 16 снежня распаўсюдзіла нямецкая Die Welt са спасылкай на палкоўніка бундэсвера ў адстаўцы, дэпутата Бундэстага, эксперта па знешняй палітыцы ў парламенцкай фракцыі ХДС/ХСС Радэрыха Кізеветэра.
На наступны дзень Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы абвергла гэтую лічбу. “У інтэрнэце распаўсюджваецца інфармацыя, апублікаваная замежнымі СМІ, пра тое, што ў Беларусі нібыта размешчана больш за 300 тыс. расійскіх вайскоўцаў, гатовых у любы момант напасці на НАТО, — гаварылася ў заяве ведамства. — Другі дэпартамент аператыўных службаў [літоўскага войска] паведамляе, што распаўсюджаная інфармацыя пра нібыта вялікі кантынгент расійскіх войскаў у Беларусі не адпавядае рэчаіснасці“.
“Цяпер у Расіі ў Беларусі некалькі тысяч вайскоўцаў, але ў неманеўраных падраздзяленнях. У бліжэйшы час Расія не валодае сіламі для маштабнага разгортвання войскаў у Беларусі, паколькі ўсе намаганні сканцэнтраваныя на працягу ваеннай агрэсіі супраць Украіны“, — падкрэсліла Мінабароны Літвы.
Дэпутат Бундэстага ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, які ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, Норберт Ротген у 2014-2021 гадах узначальваў парламенцкі камітэт па замежных справах, у 2009-2012 гадах быў міністрам навакольнага асяроддзя, аховы прыроды і бяспекі ядзерных рэактараў.
У кастрычніку 2023 года з Ротгенам, партыя якога тады была ў апазіцыі, сустракалася Святлана Ціханоўская. Перамовы прайшлі ў рамках удзелу абодвух палітыкаў у Варшаўскай канферэнцыі па бяспецы.


- Эканоміка
- ГрамадстваЗа тры кварталы 2025 года Грузія выслала пяць беларускіх грамадзянМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваЗа двое сутак у Магілёве і Жлобіне выпала больш за месячную норму ападкаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 9 студзеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка

