Мінск 00:18

Да 2030 года ўлады плануюць выдаткаваць на інавацыйнае развіццё амаль 7 млрд рублёў

23 снежня, Позірк. У 2026–2030 гадах на фінансаванне Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця плануецца накіраваць 6 млрд 924 млн 751,2 тыс. рублёў, вынікае з указа Аляксандра Лукашэнкі № 448 ад 21 снежня.

З рэспубліканскага бюджэту мяркуецца выдзеліць 1 млрд 285 млн 7,8 тыс. рублёў.

Як сказана ў дакуменце, прадугледжваецца “рэалізацыя праектаў, якія адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці”.

Вырашэнне задачы па ўдасканаленні інструментаў дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі прадугледжвае “завяршэнне фармавання комплекснай сістэмы паслядоўнай і даступнай падтрымкі рэалізацыі інавацыйных праектаў на ўсіх этапах інавацыйнага цыклу для ўсіх катэгорый суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці; паскоранае развіццё інфраструктуры ў сферах навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах і Мінску; удасканаленне комплекснай сістэмы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў і ўцягвання таленавітай моладзі ў навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць на этапах “школа — установа вышэйшай адукацыі — навуковая арганізацыя — вытворчасць”.

Мэтай інавацыйнай палітыкі дзяржавы названа “стварэнне спрыяльных сацыяльна-эканамічных, арганізацыйных і прававых умоў для інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі”.

Неабходнай умовай устойлівага інавацыйнага развіцця краіны ўказана ўдасканаленне нацыянальнай інавацыйнай сістэмы на аснове мадэрнізацыі яе кампанентаў.

Развіццё ў 2026–2030 гадах нацыянальнай інавацыйнай сістэмы будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі, вызначанымі дзяржпраграмай.

У яе рамках належыць рэалізаваць праекты, накіраваныя на “паскоранае развіццё навукаёмістых і высокатэхналагічных сектараў нацыянальнай эканомікі, якія базуюцца на вытворчасцях вышэйшых тэхналагічных укладаў, у адпаведнасці з прыярытэтнымі кірункамі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці: лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект; інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці; біялагічныя, хіміка-фармацэўтычныя і медыцынскія тэхналогіі; інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці; навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы”.

Падзяліцца: