Беларусь і ААН падпісалі пяцігадовую праграму супрацы, раней Мінск сур’ёзна крытыкаваў арганізацыю

29 снежня, Позірк. Рамачную праграму супрацы Беларусі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне ўстойлівага развіцця на 2026–2030 гады падпісалі 29 снежня ў Мінску міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і пастаянны каардынатар ААН у краіне Расул Багіраў.
Паводле інфармацыі прэс-службы знешнепалітычнага ведамства, праграма ёсць “стратэгічна выверанай дарожнай картай, што цалкам сінхранізаваная з нацыянальнымі прыярытэтамі Беларусі” — нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2040 года і праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады.
“У рамачнай праграме вызначаныя чатыры стратэгічныя прыярытэты і адпаведныя доўгатэрміновыя вынікі па рэалізацыі кожнага з прыярытэтаў: чалавечае развіццё і дабрабыт для ўсіх; інклюзіўная і ўстойлівая эканамічная трансфармацыя; чыстае навакольнае асяроддзе для забеспячэння жыццядзейнасці людзей; інстытуцыйныя асновы для міру і развіцця”, — гаворыцца ў паведамленні.
МЗС заяўляе, што ўдзельнікі сустрэчы, на якой таксама прысутнічалі кіраўнікі краінавых прадстаўніцтваў агенцтваў сістэмы ААН, “выказалі задавальненне вынікамі сумеснай працы ў 2025 годзе па рэалізацыі шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама супрацы Беларусі і агенцтваў сістэмы ААН у кантэксце дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця агулам”.
“Міністр замежных спраў са свайго боку выказаў пазітыўную ацэнку шматгадовай супрацы Беларусі і ААН, акцэнтаваўшы ўвагу на ўнёску Беларусі як краіны — заснавальніцы ААН у прасоўванне пазітыўнага парадку дня ў ААН, скіраванага на пабудову справядлівага і шматпалярнага свету”, — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння савета Парламенцкай асамблеі АДКБ 18 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ААН і АБСЕ намаганнямі “заходніх апанентаў” ператвараюцца “ў інстытуты ціску і канфрантацыі, становяцца падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў”. “Мы лічым недальнабачнымі і безадказнымі такія дзеянні”, — сказаў ён.
15 чэрвеня таго ж года, прымаючы даверчыя граматы шэрагу замежных амбасадараў, Лукашэнка заявіў, што ААН “з цывілізаванай дыялогавай пляцоўкі для вырашэння спрэчак і дыскусій пра будучае развіццё свету” ператварылася ў “дыпламатычнае казіно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы”.
На яго думку, “калектыўны Захад” толькі “пакуль запраўляе ў ААН”. “Мы выступаем за шматпалярны, справядлівы свет з гарантыямі развіцця для ўсіх краін без выключэння. У гэты час Захад разбурае сістэму еўрапейскай бяспекі, створаную пасля Другой сусветнай вайны”, — адзначыў Лукашэнка.
4 ліпеня 2024 года ў Астане (Казахстан) на палях саміту ШАС падчас сустрэчы з Лукашэнкам генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой былі вызваленыя некаторыя палітвязні, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі” (тагачасная хваля памілаванняў палітвязняў завяршылася напрыканцы студзеня 2025 года, перад мерапрыемствам, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”; працэс аднавіўся, калі з рэжымам Лукашэнкі пачалі актыўна кантактаваць прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта ЗША).
У кастрычніку 2024 года Гутэрыш узяў удзел у саміце БРІКС у расійскай Казані, за што пасля падпаў пад крытыку шэрагу заходніх лідараў. На палях форуму генсакратар ААН правёў шмат сустрэч, у тым ліку з Лукашэнкам. Беларускі палітык, які падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, падарыў Гутэрышу скульптуру буслоў, паведаміўшы, што гэта сімвал міру: “Нам, Антоніу, вельмі патрэбен мір”.
“Вы павінны ведаць, што мы заўсёды будзем побач з вамі, што тычыцца [пытанняў] міру і вайны. Мы за мір, за мірныя перамовы, за мірнае вырашэнне любых канфліктаў”, — адзначыў Лукашэнка. Ён прайшоў у абдымку з Гутэрышам некалькі метраў.
У той жа дзень Лукашэнка даў інтэрв’ю расійскай газеце “Известия”, у якім раскрытыкаваў дзейнасць ААН, заявіўшы, што быў бы не супраць з’яўлення ў свеце арганізацыі-супрацьвагі, каб “ААН заварушылася”. Ён выступіў за тое, каб праца ААН “была эфектыўнай, каб Савет Бяспекі вырашаў пытанне, а не проста збіраўся там”, каб пытанні вайны і міру вырашаліся выключна на пляцоўцы арганізацыі.
28 лютага 2025 года Рыжанкоў на сустрэчы з Багіравым і кіраўнікамі акрэдытаваных у краіне агенцтваў арганізацыі сярод іншага заявіў пра неабходнасць “адрадзіць дух арганізацыі” ва ўмовах “узрослага канфліктнага патэнцыялу і ўсё большай глабальнай палярызацыі”.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ лістападзе колькасць занятых у эканоміцы зменшылася на 2,4 тыс. чалавек — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 29 снежня 2025 года — 18 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаГалоўчанка: Бачым анамальна нізкую для снежня інфляцыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ Беларусі працуюць больш за 480 тыс. пенсіянераў — МінпрацыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка



