Мінск 19:44

Лукашэнка перабольшыў наступствы расійскага ўдару “Арэшнікам” па ўкраінскім заводзе “Південмаш” у 2024 годзе

Архіўны відэазапіс удару "Арэшніка" па ўкраінскім Дняпры / стоп-кадр: "Позірк"

31 снежня, Позірк. Разважаючы пра каштоўнасць “мірнага неба над галавой” падчас наведвання холдынгу “Гарызонт” 31 снежня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў свеце “маецца шмат прыкладаў, калі праз узброеныя канфлікты знішчаецца вытворчая інфраструктура”.

У якасці аднаго з іх ён прывёў удар, які ў лістападзе 2024 года Расія нанесла “Арэшнікам” па заводзе “Південмаш” ва Украіне.

“Вялізнае прадпрыемства, якое было найўнікальнае ў Савецкім Саюзе, там 5–7 паверхаў пад зямлёю (усе рыхтаваліся да ядзернай вайны), — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І вось “Арэшнік” нанёс па “Південмашы” адзін удар, і такога вялізнага прадпрыемства, унікальнага ў свеце, не стала ў адну хвіліну. Я ўжо не кажу, колькі людзей загінула”.

Ранкам 21 лістапада 2024 года РФ нанесла ўдар па горадзе Днепр, дзе знаходзіцца вытворчае аб’яднанне “Паўднёвы машынабудаўнічы завод імя Макарава” (“Південмаш”) — завод па вытворчасці ракетна-касмічнай ды іншай тэхнікі.

Пазней расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што для ўдару была выкарыстаная балістычная ракета ў бяз’ядзерным аснашчэнні пад назвай “Арэшнік”.

Расійскія ўлады і СМІ сцвярджалі, што заводу нанесеная сур’ёзная шкода, украінскія ж, спасылаючыся ў тым ліку на спадарожнікавыя здымкі, казалі пра нязначнасць пашкоджанняў. Пасля расійскага нападу па Дняпры былі паведамленні пра ахвяр, але менавіта на “Південмашы” — не.

Пра тое, што завод працягвае функцыянаваць, можа сведчыць той факт, што ў сярэдзіне снежня 2025 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які падаўжае спецыяльныя правілы для працы “Південмашу”.

Рыторыка Лукашэнкі пра разбуральную моц расійскага ракетнага комплексу “Арэшнік” можа быць звязана з тым, што гэтае ўзбраенне, як сцвярджаюць беларускія і расійскія ўлады, ужо дыслакаванае на тэрыторыі Беларусі. Беларуская прапаганда актыўна выкарыстоўвае гэтую тэму для запалохвання краін Еўропы.

Пра тое, што “Арэшнік” завезены ў Беларусь, Лукашэнка заявіў 18 снежня, выступаючы на ​​Усебеларускім народным сходзе (УНС). “Ён у нас з учарашняга дня і заступае на баявое дзяжурства”, — сказаў ён.

На наступны дзень міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў на палях УНС, што пасля таго як расійскі ракетны комплекс “Арэшнік” заступіць у Беларусі на баявое дзяжурства, яго пакажуць журналістам (30 снежня Мінабароны прадэманстравала “рытуал заступлення на баявое дзяжурства рухомага грунтавога ракетнага комплексу “Арэшнік”, паказаўшы ў кароткім роліку рух нейкай вайсковай тэхнікі, але не саму ракету).

Дэмакратычныя сілы Беларусі лічаць фактарам пагрозы для Еўропы размяшчэнне “Арэшніка” ў Беларусі.

Падзяліцца: