Мінск 06:22

Качанава перадала “словы цвёрдай падтрымкі народу Венесуэлы”

Нікалас Мадура на ваенным парадзе ў Мінску 3 ліпеня 2013 года
Архіўнае фота: БелТА

4 студзеня, Позірк. “Самым рашучым чынам асуджаем узброеную агрэсію ЗША супраць Венесуэлы”, – заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, якія перадае прэс-служба верхняй палаты, СР НС лічыць аперацыю ЗША незаконным нападам на суверэнную дзяржаву ў парушэнне норм і прынцыпаў міжнароднага права.

“Удары, нанесеныя не толькі па ваенных аб’ектах, але і па дзяржаўных установах, уключаючы будынак Парламента краіны, не пакідаюць ніякага сумнення ў вызначэнні гэтых дзеянняў як “узброеная агрэсія”, — адзначыла яна (арфаграфія захавана).

Качанава заклікала “сусветную супольнасць, парламенты дзяржаў — членаў ААН рашуча асудзіць агрэсію супраць суверэннай Венесуэлы і заклікаць ЗША да захавання міжнароднага права і Статута ААН”.

“Парламентарыі Савета Рэспублікі перадаюць словы цвёрдай падтрымкі народу Венесуэлы ў гэтыя трывожныя для яго гадзіны і выказваюць салідарнасць са сваімі калегамі з Нацыянальнай асамблеі”, — гаворыцца ў заяве.

ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі краіны ў ноч на 3 студзеня. Гэта зроблена па распараджэнні прэзідэнта Дональда Трампа.

Прэзідэнт Нікалас Мадура затрыманы і разам з жонкай вывезены з краіны. Ён знаходзіцца пад арыштам у ЗША.

The New York Times са спасылкай на ананімнага высокапастаўленага венесуэльскага чыноўніка паведамляе, што ў выніку аперацыі загінула не менш за 40 чалавек, у тым ліку ваенных і мірных жыхароў.

Трамп неаднаразова пагражаў нанесці ўдары па Венесуэле, абвінавачваючы ўлады гэтай краіны ў “наркатэрарызме”. У 2025 годзе Вашынгтон павялічыў вайсковую прысутнасць ля берагоў Венесуэлы, амерыканскія вайскоўцы рэгулярна наносілі ўдары па малых судах, тлумачачы гэта тым, што яны перавозяць у ЗША наркотыкі.

Раней “акт амерыканскай агрэсіі” супраць Венесуэлы вуснамі свайго прэс-сакратара Наталлі Эйсмант асудзіў Аляксандр Лукашэнка.

3 студзеня ведамства таксама паведаміла аб тэлефоннай размове Рыжанкова з венесуэльскім калегам Іванам Хілем. Беларускі міністр “выказаў падтрымку ўраду Венесуэлы ў яе пазіцыі, звязанай з суверэнітэтам, захаваннем законна абранай у краіне ўлады і ініцыятывам Каракаса, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях”. Асуджаная “ўзброеная агрэсія” без згадкі, ад каго яна зыходзіла.

Пазней адбылася тэлефонная размова Рыжанкова з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым. “Акцэнтавана безумоўная неабходнасць неадкладна вызваліць законнага прэзідэнта Венесуэлы Н.Мадура і яго жонку, вярнуць іх у сталіцу краіны [з ЗША] і аднавіць М.Мадура на пасадзе кіраўніка дзяржавы”, — гаварылася ў рэлізе расійскага ведамства.

МЗС Беларусі паведаміла, што абмяркоўвалася “неадкладнае вяртанне сітуацыі ў прававое рэчышча і забеспячэнне ўсебаковай міжнародна-прававой ацэнкі падзей, што адбыліся ў Венесуэле”.

“Сёння маё сэрца з народам Венесуэлы”, — напісала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сацсетках: “Я спадзяюся, што нядаўнія падзеі прынясуць справядлівасць, свабоду і вяршэнства закона, якія венесуэльцы даўно заслужылі і за якія адважна змагаліся. Дыктатары не вечныя — і, падобна, сёння нелегітымны Лукашэнка страціў яшчэ аднаго блізкага сябра”.

Качанава, якая ігнаруе гібель мірнага насельніцтва Украіны ад расійскіх нападаў, асудзіла ўдар па кафэ на акупаванай тэрыторыі

2 студзеня, Позірк. Старшыня Савета Рэспублікі, былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава "падтрымала сваю калегу, старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціну Іванаўну Мацвіенку ў асуджэнні ўдараў УСУ беспілотнікамі ў кавярні і гатэлі ў вёсцы Хорлы Херсонскай вобласці ў …
Падзяліцца: