Мінск 00:33

Кіпр падчас старшынства ў ЕС надасць увагу выкананню санкцый у дачыненні да Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Aboodi Vesakaran / unsplash.com

5 студзеня, Позірк. Кіпрскае старшынства ў Савеце ЕС (ажыццяўляецца ў першым паўгоддзі 2026 года) “мае намер працягнуць аналіз эканамічных і фінансавых наступстваў агрэсіі Расіі супраць Украіны, асабліва ў выпадку працягу канфлікту, уключаючы належнае выкананне санкцый ЕС у дачыненні да Расіі і Беларусі”.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай 52-старонкавай праграме старшынства. Іншых згадак Беларусі ў ёй няма.

У дакуменце адзначана, што “агрэсіўная вайна супраць Украіны, якую працягвае весці Расія, што характарызуецца незаконным уварваннем і працяглай акупацыяй, дыктуе неабходнасць адназначнай прыхільнасці міжнароднаму праву”. “Яго асноўныя прынцыпы не могуць быць парушаныя — ні ў гэтым выпадку, ані ў любым іншым, у Еўропе або па-за яе межамі. Падвойныя стандарты не з’яўляюцца арыенцірам для ЕС”, — падкрэслена ў праграме.

“Праявамі выклікаў для архітэктуры бяспекі Еўропы” ў дакуменце названа “ўзмацненне шматнакіраваных гібрыдных атак, нядаўнія парушэнні паветранай прасторы ЕС у спалучэнні з працяглай расійскай агрэсіяй супраць Украіны”.

“Гэтыя пагрозы падкрэсліваюць неабходнасць умацавання абараназдольнасці і стратэгічнай аўтаноміі Саюза, зніжэння залежнасці і падвышэння здольнасці ЕС эфектыўна і праактыўна рэагаваць, — адзначана ў праграме. — Кіпрскае старшынства будзе падтрымліваць ключавыя ініцыятывы ў галіне абароны і флагманскія праекты, якія прадстаўляюць агульны інтарэс, і надасць прыярытэтную ўвагу найхутчэйшай рэалізацыі Белай кнігі пра будучыню еўрапейскай абароны і спадарожнай ёй Дарожнай карты гатоўнасці да 2030 года”.

15 снежня Савет ЕС увёў новы крытэрый для ўключэння ў санкцыйныя спісы “фізічных асоб, арганізацый і органаў, што атрымліваюць выгаду ад дзеянняў або палітыкі, якая мае дачыненне да Рэспублікі Беларусь, удзельнічаюць у іх або садзейнічаюць ім, калі такія дзеянні падрываюць або пагражаюць дэмакратыі, вяршэнству права, стабільнасці або бяспекі ў ЕС і яго дзяржавах-членах”.

Як паведамлялася, рашэнне “рушыла ўслед за нядаўнімі выпадкамі ўварвання метэаралагічных шароў у паветраную прастору Літвы”.

Тлумачылася, што “новы крытэрый дазволіць ЕС уводзіць абмежавальныя меры ў дачыненні да асоб, якія плануюць, накіроўваюць, падтрымліваюць або іншым чынам садзейнічаюць замежным маніпуляцыям інфармацыяй і ўмяшанню”.

Акрамя таго, ЕС зможа ўводзіць санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне “да дзеянняў, скіраваных супраць функцыянавання дэмакратычных інстытутаў, эканамічнай дзейнасці або паслуг, якія маюць грамадскі інтарэс, у ЕС і яго дзяржавах-членах”.

1 ліпеня 2026 года Кіпр, які прыняў старшынства ў Савеце ЕС ад Даніі, перадасць яго Ірландыі.

Падзяліцца: