Мінск 18:54

Працяг запуску шароў з кантрабандай з Беларусі ў Літву не павінен прайсці дарма — кіраўнік МЗС ФРГ

Ёхан Вадэфуль на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 5 студзеня 2026 года
Відэазапіс: МЗС Германіі / стоп-кадр: "Позірк"

5 студзеня, Позірк. “Наўрад ці ў іншай краіне Еўрасаюзау і НАТО так блізка, як у Літве, адчуваюцца небяспекі, якія нясе вайна ва Украіне для заходняй супольнасці“, — заявіў міністр замежных спраў Германіі Ёхан Вадэфуль на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 5 студзеня.

“Літва непасрэдна мяжуе не толькі з расійскім Калінінградам, але і з Беларуссю, якая падтрымлівае вайну“, — нагадаў кіраўнік нямецкага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле яго слоў, у апошнія месяцы больш за 6 тыс. шароў з кантрабандай з Беларусі парушылі літоўскую паветраную прастору і сталі сур’ёзнай перашкодай працы аэрапорта ў Вільнюсе.

“І я б хацеў падкрэсліць: гэтая тактыка рэжыму ў Беларусі цалкам непрымальная і ў выпадку працягу не павінна прайсці дарма“, — падкрэсліў Вадэфуль.

Прыведзеная ім колькасць паветраных шароў, якія ўварваліся з Белварусі ў Літву, раней нідзе не называлася. Магчыма, міністр абмовіўся. За 2025 год Літва перахапіла 635 заляцелых з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, паведамляў партал LRT, які перадрукаваў звесткі, што літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) перадала агенцтву ELTA. Акрамя таго, супрацоўнікі САДМ летась пасадзілі 59 дронаў з кантрабандай з Беларусі.

У канцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі зачыненыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў зрабіць больш жорсткімі правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Падзяліцца: