Мінск 19:17

У Літве затрыманы ўкраінец, што вёз у Польшчу грамадзян Бангладэш, якія запыталі прытулак у Латвіі пасля нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі

Фота: САДМ Літвы

6 студзеня, Позірк. 25-гадовы грамадзянін Украіны з часовым дазволам на жыхарства ў Польшчы затрыманы ў Літве за перавозку замежнікаў, якія незаконна трапілі ў Еўрасаюз з тэрыторыі Беларусі, паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ).

Інцыдэнт адбыўся 31 снежня 2025 года ля вёскі Навінінкай (Калварыйскае самакіраванне Марыямпальскага павета), непадалёк ад мяжы з Падляскім ваяводствам Польшчы. Украінец за стырном фургона “Пежо Партнёр” вёз у Польшчу шасцярых замежнікаў ва ўзросце ад 21 да 36 гадоў, якія назваліся грамадзянамі Бангладэш.

“Паводле папярэдніх звестак, усе яны запыталі прытулак у Латвіі, — адзначыла САДМ. — Шасцёра прад’явілі дакументы, якія гэта пацвярджаюць — даведкі, выдадзеныя латвійскім Цэнтрам рэгістрацыі замежнікаў летась у верасні, кастрычніку і лістападзе. Іншых дакументаў, якія сведчаць асобу і грамадзянства, тым больш тых, што даюць права ўезду ў ЕС, яны не мелі”.

Паводле папярэдняй інфармацыі літоўскага ведамства, мігранты незаконна перасеклі беларуска-латвійскую мяжу, былі затрыманыя памежнікамі Латвіі, пасля чаго папрасілі прытулку.

“Аднак, верагодна, гэта было толькі прыкрыццём, каб дачакацца магчымасці працягнуць нелегальнае падарожжа на Захад. Статус просьбіта прытулку дае права на кароткачасовы выхад з Цэнтра рэгістрацыі замежнікаў, аднак да разгляду заяў мігрантам забаронена пакідаць краіну, у гэтым выпадку — Латвію”, — патлумачыла САДМ.

Па факце “незаконнай перавозкі людзей праз мяжу” распачатае дасудовае расследаванне. За такія дзеянні прадугледжаны штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да 8 гадоў.

“Грамадзянін Украіны, які перавозіў мігрантаў, змешчаны ў камеру часовага ўтрымання Калварыйскай памежнай заставы. <…> У панядзелак (5 студзеня. — Позірк.) суд абраў перавозчыку мігрантаў меру стрымання — арышт тэрмінам на тры месяцы, — гаворыцца ў паведамленні. — Грамадзяне Бангладэш, якія накіроўваліся ў адну з краін Заходняй Еўропы, размешчаныя ў адным з падраздзяленняў Варэнскага памежнага атрада. Пазней, пасля выканання ўсіх фармальнасцяў, яны будуць перададзеныя латвійскім уладам”.

У 2025 годзе суседнія краіны ЕС прадухілілі 42,7 тыс. спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку Латвія — больш за 12 тыс., Літва — 1,65 тыс., Польшча — звыш 29 тыс.

У 2025 годзе суседнія краіны ЕС зафіксавалі на 6,4 тыс. больш спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі, чым у 2024-м

2 студзеня, Позірк. 42.714 спробаў незаконнага пераходу мяжы з беларускай тэрыторыі зафіксавалі ў 2025 годзе суседнія краіны Еўрапейскага саюза, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак іх памежных службаў. Гэта на 6.423 спробы (17,7%) больш, чым у 2024-м (36.291), і на 636 …
Падзяліцца: