Мінск 22:43

Галоўны санітарны ўрач: Пры куплі дзіцячага харчавання варта ўлічваць адкліканне часткі прадукцыі “Нестле Расія”

9 студзеня, Позірк. Улічваць пры куплі дзіцячага харчавання, што ТАА “Нестле Расія” добраахвотна адклікае абмежаваную колькасць прадукцыі, заклікала намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Святлана Нячай.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, размова аб сухіх хуткарастваральных малочных і кісламалочных сумесях і сухой сумесі на аснове амінакіслот лячэбнага дыетычнага харчавання пэўных партый (нумары тут), якія былі выпушчаныя ў перыяд з 15 красавіка па 27 лістапада 2025 года.

Паводле Нячай, сумесна з Расспажыўнаглядам, а таксама пры ўзаемадзеянні з кампаніяй-пастаўшчыком спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы Беларусі “прымаюць меры па прадухіленні абароту асобных партый гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны”.

Адкліканне не закранае прадукцыю іншых партый і любыя іншыя прадукты дзіцячага харчавання, прадстаўленыя кампаніяй “Нестле”, адзначыла прадстаўнік міністэрства.

Адкліканне прадукцыі звязана з выяўленай патэнцыйнай рызыкай наяўнасці таксіну цэрэуліду ў сыравіну (арахідонавая кіслата) ад знешняга пастаўшчыка, адзначае Міністэрства аховы здароўя.

Сімптомамі пасля ўжывання прадукта з высокім утрыманнем таксіну цэрэуліду могуць быць ваніты ці дыярэя, якія выяўляюцца на працягу да шасці гадзін пасля ўжывання прадукта, што падобна з карцінай харчовага атручвання, а таксама алергіі да бялкоў каровінага малака.

На сваім сайце ТАА “Нестле Расія” папрасіла прабачэння перад спажыўцамі. “Рашэнне аб адкліканні прадукцыі прынята ў якасці меры засцярогі і ў адпаведнасці са строгімі пратаколамі якасці і бяспекі кампаніі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Nestle — швейцарскі транснацыянальны канцэрн, найбуйнейшы ў свеце вытворца прадуктаў харчавання.

Падзяліцца: