Мінск 02:11

Белгідрамет: Цыклон “Улі” прынёс ападкаў больш за “Хаўер“

Фота: "Позірк"

12 студзеня, Позірк. Цыклон “Улі“, які стаў прычынай доэннага надвор’я ў Беларусі 8 і 9 студзеня, прынёс ападкаў больш за “Хаўер“ у сакавіку 2013 года, аднак вецер пры “Хаўеры” быў мацнейшы. Такія даныя прывяла начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марына Грыцкевіч на прэс-канферэнцыі 12 студзеня.

Паводле яе слоў, на сямі метэастанцыях былі пабітыя сутачныя рэкорды ападкаў: у Магілёве — 37 мм (24 мм у 1958 годзе), Беразіно, Жлобіне — па 28 мм (ранейшыя экстрэмумы не названыя), Оршы — 26 мм (19 мм у 1931 годзе), Ашмянах — 22 мм, Слаўгарадзе — 21 мм і Мсціславе (ранейшыя экстрэмумы не названыя).

Агулам выпала ад 5 да 43 мм ападкаў, вышыня снегу павялічылася на 1-28, а ў Беразіно — на 31 см.

Як адзначыла першы намеснік начальніка Белгідрамета Таццяна Чатырка, паўднёвыя цыклоны, якім быў “Улі“, непрадказальныя. Да апошняга меркавалася, што ён пройдзе на ўсход і прынясе толькі снег, але ў выніку яго цэнтр апынуўся над Гомельскай вобласцю, таму ў Гомелі, Брагіне, Чачэрску, Касцюковічах пры адмоўнай тэмпературы назіраўся дождж.

Аднак, паводле слоў сіноптыка, неўзабаве ў гэтых раёнах пайшоў снег і галалёд не дасягнуў крытэру небяспечнай метэаралагічнай з’явы, якая “прыводзіць да маштабных разбурэнняў”.

Падзяліцца: