Мінск 11:12

Беларусь гатовая пашыраць партнёрскія стасункі з Эфіопіяй, заяўляе Лукашэнка

Адыс-Абеба
Ілюстрацыйнае фота: Jacgroumo / flickr.com

13 студзеня, Позірк. Гатоўнасць Беларусі пашыраць партнёрскія стасункі з Эфіопіяй пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 13 студзеня прэзідэнта гэтай краіны ва Усходняй Афрыцы Тае Ацке-Селасіе з 70-годдзем.

Віншавальнік, пасланне якога апублікавала яго прэс-служба, выказаў спадзеў на тое, што ў найбліжэйшы час Мінск і Адыс-Абеба выйдуць на “праекты супрацы” ў сферах прамысловай кааперацыі, механізацыі сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры ды іншых галінах, “якія маюць важнае значэнне” для абедзвюх дзяржаў.

На думку Лукашэнкі, Ацке-Селасіе прысвяціў жыццё “патрыятычнаму служэнню эфіопскаму народу, самаадданаму адстойванню інтарэсаў сваёй краіны на сусветнай арэне”.

У віншаванні ён звярнуў увагу на “актывізацыю палітычнага дыялога” паміж Беларуссю і Эфіопіяй, “нарошчванне двухбаковых сувязей”, а таксама “блізкасць падыходаў да пытанняў глабальнага парадку дня і ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках, у першую чаргу ААН і БРІКС”.

Варта адзначыць, што Эфіопія з’яўляецца парламенцкай рэспублікай, прэзідэнт у сістэме яе дзяржкіравання выконвае пераважна прадстаўнічыя функцыі.

Лукашэнка неаднаразова прапаноўваў Ацке-Селасіе наведаць Беларусь.

Летась у красавіку Эфіопію наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, а ў верасні ў Беларусі пабываў эфіопскі прэм’ер-міністр Абій Ахмед Алі. На сустрэчы з апошнім Лукашэнка заявіў, што Мінску і Адыс-Абебе неабходна да канца 2025 года стварыць план супрацы (асобна згадаўшы пра гатоўнасць да вайскова-тэхнічнай супрацы).

Дакладных звестак пра тое, ці было гэта зроблена, няма. Напрыканцы лістапада Рыжанкоў на сустрэчы з амбасадарам Эфіопіі ў РФ Генетам Цяшомэ Жыру абмяркоўваў сярод іншага падрыхтоўку “ўсёабдымнай дарожнай карты супрацы да 2030 года”.

Мінск і Адыс-Абеба ўсталявалі дыпламатычныя стасункі ў 1994 годзе. Інтарэсы Беларусі ў Эфіопіі прадстаўляе амбасадар, асноўным месцам службы якога з’яўляецца Кенія.

Паводле даных МЗС, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 1,3 млн долараў. Актуальныя даныя на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства не прадстаўленыя.

Падзяліцца: