Мінск 19:27

Літва плануе стварыць вайсковы палігон у Сувалкскім калідоры каля мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: D. Umbraso / Lrytas

14 студзеня, Позірк. Літва плануе стварыць вайсковы палігон паблізу населенага пункта Капчямесціс у так званым Сувалкскім калідоры каля мяжы з Беларуссю і Польшчай, вынікае з інфармацыі Міністэрства абароны балтыйскай дзяржавы, апублікаванай 9 і 14 студзеня.

На 21–22 студзеня ведамства запланавала сустрэчы з жыхарамі раёна, на тэрыторыі якога плануецца стварэнне згаданага палігона.

Паведамляецца, што мясцовым жыхарам будуць дадзеныя адказы на пытанні, звязаныя з рэалізацыяй праекта.

Рашэнне аб будаўніцтве палігона павінен зацвердзіць Сейм Літвы. Адзначаецца, што ў такім выпадку на палігоне будзе добраўпарадкавана стацыянарная інфраструктура баявой падрыхтоўкі і вучэнняў, пабудаваныя аб’екты абароннай інфраструктуры, будуць праводзіцца вучэнні з баявой стральбой і выкарыстаннем цяжкага баявога ўзбраення і тэхнікі, і інш.

“Агрэсія Расіі супраць Украіны выявіла рэальныя пагрозы для рэгіёну. Літва мае каля 700 км мяжы з Беларуссю і 300 км — з Расіяй. Сувалкскі калідор злучае дзяржавы НАТО ў кантынентальнай Еўропе і адначасова аддзяляе Калінінград ад Беларусі”, — адзначае Мінабароны.

“Вайсковыя палігоны Літвы размешчаныя па перыметры дзяржавы — Пабрадэ, Руднінкай, Таўраге, — аднак на поўдні Літвы такой інфраструктуры няма. Тэрыторыя побач з Капчямесцісам прапануецца з-за яе стратэгічнага становішча недалёка ад мяжы з Польшчай і Сувалкскага калідора. З ваеннага пункту гледжання гэта месца дазваляе знізіць уразлівасць поўдня Літвы”, — лічаць у абаронным ведамстве.

На старонцы з картай палігона адзначаецца таксама, што ён “будзе размешчаны на мяжы з Беларуссю, ключавым саюзнікам Расіі, цяпер кантраляваным аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі”. Гэта дазволіць “умацаваць абарону рэгіёну менавіта там, дзе гэта найбольш неабходна”.

Сувалкскім калідорам называюць вузкі ўчастак на тэрыторыі Польшчы і Літвы. Заходнія эксперты і вайскоўцы лічаць гэта месца “слабым звяном”, паколькі патэнцыйнае заняцце калідора беларускімі і расійскімі войскамі не толькі адрэжа краіны Балтыі ад астатніх дзяржаў Еўрасаюза на сушы, але і злучыць Гродзенскую вобласць Беларусі з расійскім эксклавам — Калінінградскай вобласцю, што дазволіць арганізаваць хуткую прамую пастаўку туды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: