Мінск 18:24

Прэзідэнт Германіі сустрэўся з Марыяй Калеснікавай

Ілюстрацыя: pixabay.com

15 студзеня, Позірк. Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сустрэўся 15 студзеня з былой беларускай палітвязняй Марыяй Калеснікавай, вынікае з анонсу мерапрыемстваў на яго афіцыйным сайце.

Ён прыняў Калеснікаву ў сваёй рэзідэнцыі ў палацы Бельвю.

Калеснікава пакінула запіс у гасцявой кнізе, паведамляе Deutsche Welle.

“Выдатна зноў бачыць вас на волі”, — сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер, звяртаючыся да яе.

13 снежня 2025 года 43-гадовая Калеснікава была вызвалена пасля перамоваў з ЗША разам са 122 іншымі палітычнымі зняволенымі. Беларускія ўлады вывезлі іх ва Украіну, пасля яны змаглі з’ехаць у краіны ЕС. Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку афіцыйна прыняла Германія.

Калеснікава з 2007 года да падзей 2020-га пражывала ў ФРГ.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года была спікерам і кіраўніком выбарчага штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыка. Пасля яго затрымання далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штаба нараўне з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкала.

Прыгаворана 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстрана прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У палітзняводенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы. Тады ж яна бачылася з бацькам — ‘ён наведваў яе ў медчастцы. Іх наступная сустрэча адбылася толькі 12 лістапада 2024 года. З-за інфармацыйнай блакады (рэжым інкамунікада) звестак аб стане Калеснікавай не было больш за паўтара года.

Падзяліцца: