Мінск 00:10

Аэрапорт Вільнюса зноў закрыты праз аэрастаты з Беларусі — упершыню за сем тыдняў

Ілюстрацыйнае фота: сайт аэрапорта Вільнюса

27 студзеня, Позірк. Часовыя абмежаванні паветранай прасторы над аэрапортам Вільнюса ўведзеныя 27 студзеня ў 19:05 паводле мясцовага часу (20:05 паводле Мінску) “у сувязі з гібрыднай атакай супраць Літвы, грамадзянскай авіяцыі і грамадства, якая ажыццяўляецца Беларуссю”.

Згодна з інфармацыяй транспартнага вузла, абмежаванні ўведзеныя праз “фіксацыю ў зонах, небяспечных для авіяцыі, навігацыйных знакаў, характэрных для паветраных шароў”. Неба над аэрапортам закрытае да 22:05 паводле мясцовага часу (23:05).

Пасажырам, чые рэйсы “парушаны праз абмежаванні або скасаваныя”, прапануецца “наўпрост звязацца са сваімі авіякампаніямі для атрымання больш падрабязнай інфармацыі”.

Апошні раз праца аэрапорта Вільнюса прыпынялася 6 снежня 2025 года.

Уварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і ў на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця Вільнюскага аэрапорта, што месціцца непадалёк ад мяжы. Акрамя таго, з 29 кастрычніка па 19 лістапада Літва закрывала мяжу з Беларуссю.

Летась 9 снежня урад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл пасля вяртання ў Вільнюс з Мінска, дзе 12 і 13 снежня праводзіў перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.

Падзяліцца: