Мінск 23:53

Селіверстаў уручыў копіі даверчых грамат намесніку кіраўніка МЗС РФ

Фота: МЗС Беларусі

27 студзеня, Позірк. Амбасадар Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў 27 студзеня ўручыў копіі даверчых грамат намесніку міністра замежных спраў РФ Міхаілу Галузіну, паведамляе беларускае знешнепалітычнае ведамства.

Адзначаецца, што яны абмеркавалі “актуальныя пытанні двухбаковай супрацы, інтэграцыйнага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і знешнепалітычнай каардынацыі, узаемадзеяння ў рамках шматбаковых фарматаў на постсавецкай прасторы, а таксама графік будучых кантактаў і мерапрыемстваў на вышэйшым і высокім узроўнях”.

Праведзены “Позіркам” аналіз паведамленняў МЗС РФ дазваляе казаць пра тое, што ўручэнне замежным амбасадарам копій даверчых грамат намесніку кіраўніка ведамства — звычайная практыка ў Расіі.

Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што Селіверстаў у гэты ж дзень, 27 студзеня, сустракаўся і з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым — на “традыцыйнай сустрэчы з амбасадарамі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, акрэдытаванымі ў Расіі”.

У студзені 2022 года копіі даверчых грамат у амбасадара Расіі Барыса Грызлова прымаў міністр замежных спраў Беларусі, якім тады быў Уладзімір Макей (памёр 26 лістапада 2022-га).

Як адзначаў “Позірк”, Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня фактычна прызначыў Селіверстава амбасадарам і падпісаў адпаведны ўказ без атрымання згоды (агрэмана) Расіі. Гэта вынікала з інфармацыі МЗС РФ, паводле якой агрэман на прызначэнне дыпламата Масква выдала 26 студзеня.

У адпаведнасці з арт. 4 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах 1961 года, “дзяржава, якая акрэдытуе, мае пераканацца ў тым, што дзяржава знаходжання дала агрэман на тую асобу, якую яна мяркуе акрэдытаваць як кіраўніка прадстаўніцтва ў гэтай дзяржаве”.

Па факце згода расійскага боку была запытаная толькі ў дзень прызначэння Селіверстава, што можна расцэньваць як грубае парушэнне нормаў міжнароднага права.

Па сумяшчальніцтве новаспечаны дыпламат быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком пры Эканамічным савеце СНД, спецыяльным прадстаўніком па пытаннях інтэграцыйнай супрацы ў рамках Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Падзяліцца: