Мінск 12:02

У Рагачове затрыманы замежнік з 400 г псіхастымулятара альфа-PVP

Фота: Следчы камітэт

28 студзеня, Позірк. У Рагачове (Гомельская вобласць) затрыманы 46-гадовы замежнік з 400 грамамі сінтэтычнага псіхастымулятара альфа-PVP, паведамляе Следчы камітэт.

Рагачоўскі раённы аддзел СК прад’явіў грамадзяніну абвінавачанне па ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, у буйным памеры, учыненыя арганізаванай групай).

Паводле версіі следства, на пачатку студзеня “жыхар суседняй краіны прыехаў у Беларусь у якасці аптовага кур’ера буйной інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў“. Ён атрымаў заданне забраць пад Мінскам “майстар-скарб” з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам для далейшага збыту ў Беларусі. Кур’ер дастаў з тайніка пакет з мноствам палімерных скруткаў і перавёз на здымную кватэру.

У наступныя дні па ўказанні куратара фігурант зрабіў буйную закладку ў Бабруйску і серыю закладак у Рагачове. Днём 15 студзеня ён выйшаў з арэнднай кватэры ў Рагачове на вуліцу і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Альфа-PVP — сінтэтычны псіхастымулятар, які адносіцца да класа катынонаў. Дзеянне α-PVP заснавана на стымуляцыі цэнтральнай нервовай сістэмы за кошт павелічэння выпрацоўкі і вызвалення дофаміна і норадраналіна ў галаўным мозгу.

Рэчыва можа выклікаць стан “узбуджанага дэлірыюму”, якое характарызуецца гіперстымуляциыяй, паранояй і галюцынацыямі. Спажыванне гэтага рэчыва можа прывесці да агрэсіўных паводзін і самапашкоджання. Пры ўжыванні вялікіх доз ёсць рызыка небяспечна высокай тэмпературы цела, што можа прывесці да нырачнай недастатковасці або пашкоджання нырак. Доўгатэрміновыя наступствы ўжывання могуць быць падобныя з уздзеяннем метамфетаміну або какаіну.

За першую палову 2025 года колькасць асуджаных паводле “антынаркатычных“ артыкулаў Крымінальнага кодэкса (327-332) павялічылася на 2,9% у параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года, вынікае са звестак Вярхоўнага суда.

У студзені–чэрвені за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, асуджана 1.092 чалавекі, за першую палову 2024-га — 1.061.

З гэтай колькасці па арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) асуджана 1.005 чалавек, або 92% (за той жа перыяд папярэдняга года — 1.011, або 95,3%).

Па першай частцы згаданага артыкула вінаватымі прызнана 645 асоб (64,2% асуджаных па арт. 328). З іх да абмежавання волі прыгаворана 442, да пазбаўлення волі — 79, арышту — 34, аштрафавана — тры.

Падзяліцца: