Другі раз з пачатку тыдня МУС паведамляе аб затрыманні прыхільнікаў нацызму
28 студзеня, Позірк. Аб затрыманні ў Магілёве траіх “прыхільнікаў нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі” паведаміла МУС 28 студзеня.
Як сцвярджаецца ў рэлізе, “фігуранты стварылі і адміністравалі тэлеграм-каналы, якія прапагандавалі і ўсхвалялі нацызм”.
“Затрыманыя спрабавалі стварыць устойлівую арганізаваную групу, а фінансавую выгаду планавалі атрымліваць за кошт прасоўвання ў сваіх рэсурсах аналагічных суполак з меншай аўдыторыяй”, — гаворыцца ў паведамленні.
Па месцах іх пражывання знойдзены і канфіскаваны нацысцкія флагі, тэматычная літаратура, незарэгістраваная сімволіка, а таксама інструкцыі па выбуховай справе і халодная зброя, удакладняе ведамства.
Па ініцыятыве ГУБАЗіК МУС згаданыя тэлеграм-каналы прызнаныя судом “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
Узбуджаны крымінальныя справы за рэабілітацыю нацызму (арт. 1301 КК), адмаўленне генацыду беларускага народа (1302), і за “стварэнне экстрэмісцкага фарміравання” (3611).
Фігурантам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, сказана ў рэлізе.
Двума днямі раней МУС распаўсюдзіла інфармацыю аб затрыманні 19-гадовага жыхара Пінска (Брэсцкая вобласць) — “прыхільніка нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі”: “Фігурант са свайго акаўнта [у “Тэлеграме”] пакінуў у розных чатах звыш пяці тысяч паведамленняў з мэтай папулярызацыі, злачынстваў, прапаганды ўльтраправых ідэй, услаўленні калабарацыяністаў часоў ВАВ“.
Сцвярджаецца, што так ён “трансляваў уласную карціну свету, навязваючы аўдыторыі суб’ектыўную і радыкальную інтэрпрэтацыю падзей XX стагоддзя”.
“Таксама малады чалавек стварыў і адміністраваў праварадыкальны нацыяналістычны тэлеграм-канал, аўдыторыя якога налічвала 300 падпісчыкаў, у тым ліку іншаземцаў. Следчымі ўзбуджана крымінальная справа за рэабілітацыю нацызму”, — гаворыцца ў рэлізе.
Як паведамлялася, у лістападзе 2025 года Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватымі жыхароў Мазыра — семярых падлеткаў і аднаго паўналетняга — за ўдзел у “экстрэмісцкім фарміраванні”. Яны асуджаныя да пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на тэрмін ад трох да шасці гадоў і дзевяці месяцаў. Адзін фігурант пазбаўлены волі на 3,5 гады з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі, адзін — да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Сцвярджаецца, што фігуранты “вялі прапаганду нацызму і датычныя да шэрагу нападаў на гараджан — паводле матываў нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і нянавісці”.
Пра затрыманне “групоўкі нацыстаў” у Мінску МУС паведамляла 26 верасня мінулага года, 14 красавіка — 35-гадовага мінчаніна, названага таксама прыхільнік нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі.
Пры гэтым артыкулы КК аб рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду таксама выкарыстоўваюцца ўладамі для палітычных рэпрэсій.
У актуальным паведамленні МУС прысутнічае відэашэраг з кадрамі, на якіх накладзены фільтр як на сімволіку германскіх нацыянал-сацыялістаў, так і на бел-чырвона-белы сцяг.

- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаУ 2025 годзе знізіліся продажы гарэлкі, вінаў і піваМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла шостае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у 2025 годзе (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 27 студзеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШэсць дзён суседнія краіны ЕС не фіксуюць спробаў пранікнення нелегалаў з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+