Мінск 19:23

Бяляцкі: У месцах пазбаўлення волі прымяняюцца комплексныя метады ціску на палітвязняў

28 студзеня, Позірк. У месцах пазбаўлення волі прымяняюцца комплексныя метады ціску на палітычных зняволеных, заявіў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ў інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу “Дождж”.

Былы палітвязень адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), дзе паводле яго слоў, было цяжэй, чым у следчым ізалятары: ужываўся псіхалагічны ціск, перавод у штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

“Гэта пастаяннае вынясенне парушэнняў, пастаянны прэсінг псіхалагічны і пошук зняволеных, якія супрацоўнічаюць з операддзелам па ціску на палітвязняў”, — сказаў праваабаронца.

Бяляцкі нагадаў, што гэта быў ужо яго другі тэрмін пазбаўлення волі (першы быў у 2012–2014 гадах. — “Позірк”.) і яму “ёсць з чым параўнаць“: “З’явіліся <…> новыя метады ціску і масавасць“.

Са слоў экс-палітвязня, гэтым разам ён прабыў 38 дзён у ШІЗА і шэсць месяцаў у ПКТ. “Ну, быццам бы як і трохі, але хапіла, каб перажыць страшны холад, — адзначыў Бяляцкі. — Вось калі ты сядзіш без ацяплення ў адной кашулі і тоненькіх штанах і вымушаны спаць на нары, якая перавязана жалезнымі палосамі… Фактычна палову ты спіш на жалезе, палову на гэтых дошках. Калі ў цябе, вядома, хопіць сіл яшчэ спаць, таму што ўвесь час прачынаешся ад холаду. Вымушаны неяк размінацца, займацца фізкультурай<…>. Вось такія нечалавечыя ўмовы прысутнічаюць у беларускіх ШІЗА”.

ПКТ нобелеўскі лаўрэат апісаў як турму ў турме, калі камера настолькі маленькая, што “сядзіш фактычна ў прыбіральні“ днямі і месяцамі.

“Нары прышпільваюцца там на дзень, усё прыбіраецца. І ты знаходзішся ў гэтым памяшканні яшчэ з адным чалавекам. Волкасць такая, што калі ты выціраеш сцены пафарбаваныя, потым проста выціскаеш гэта ручнік <…>. Ну і проста застаецца спадзявацца, што ў цябе хопіць там фізічнага здароўя, і ты ўсё вытрымаеш, што твой арганізм гэта вытрымае“, — сказаў Бяляцкі.

У кантэксце ціску на кіроўны рэжым праваабаронца станоўча ацаніў санкцыі: “Мне здаецца, што дастаткова эфектыўнай была палітыка Еўрасаюза <…>. Калі б не было гэтых палітычных і эканамічных санкцый, то мы сядзелі б і далей”.

Алесь Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары“ Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы аб “кантрабандзе грошай“ і “фінансаванні парушэння грамадскага парадку“ яны былі прысуджаныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.

Бяляцкі і Лабковіч былі вызваленыя 13 снежня мінулага года, Лабковіч адпраўлены ва Украіну, Бяляцкі — вывезены ў Літву. 13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і пяць украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі.

7 кастрычніка 2022 года Нобелеўскі камітэт атрымаў прэмію міру праваабаронцаў з трох краін: Беларусі, Украіны і Расіі. Узнагароду атрымалі Бяляцкі, які на той момант знаходзіўся ў зняволенні, Украінскі цэнтр грамадзянскіх свабод і расейскі Праваабарончы цэнтр “Мемарыял“.

Падзяліцца: