Мінск 17:38

Вільнюс мог бы “адыграць важную ролю ў фармаванні канструктыўнага перамоўнага парадку дня” з Мінскам, лічыць Калеснікава

Фота: прэс-служба ўрада Літвы

3 лютага, Позірк. Вільнюс мог бы “адыграць важную ролю ў фармаванні канструктыўнага перамоўнага парадку дня” з Мінскам, такое меркаванне выказала 3 лютага на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы Інгай Ругінене вызваленая ў мінулым снежні і вывезеная з Беларусі Марыя Калеснікава — член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі.

Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага ўрада, у сустрэчы таксама ўдзельнічала сястра Калеснікавай, член Каардынацыйнай рады Таццяна Хоміч.

Экс-палітзняволеная, як паведамляецца, заклікала Літву “і надалей падтрымліваць намаганні ЗША, скіраваныя на дыпламатычную дээскалацыю ў стасунках з Беларуссю”. Калеснікава падзякавала Ругінене за “паслядоўную падтрымку Літвой грамадзянскай супольнасці Беларусі і дэмакратычнага руху, а таксама за садзейнічанне ў вызваленні палітзняволеных і наданне ім усёй неабходнай дапамогі”.

Кіраўніца літоўскага ўрада выказала радасць ад вызвалення Калеснікавай. “Літва гатовая аказваць вам усебаковую дапамогу”, — заявіла яна суразмоўніцы.

Ругінене падкрэсліла, што ўрад Літвы “падтрымлівае дыпламатычныя намаганні ЗША, скіраваныя на вызваленне ўсіх палітзняволеных у Беларусі”.

“Мы супрацоўнічаем са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, чые дыпламатычныя намаганні прыносяць адчувальныя вынікі — як у вызваленні палітычных зняволеных, так і ва ўмацаванні бяспекі ў рэгіёне. Гэтыя крокі для нас асабліва важныя, паколькі яны садзейнічаюць і ўмацаванню нацыянальнай бяспекі Літвы”, — сказала яна.

У той жа час, паводле слоў літоўскага палітыка, Вільнюс будзе і надалей “захоўваць ціск з мэтай вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі”. Літва, падкрэсліла яна, “чуе голас народа Беларусі і працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычную апазіцыю Беларусі”.

7 верасня 2020 года кіраўніца штаба Бабарыкі, а пасля яго затрымання ў чэрвені — прадстаўніца аб’яднанага штаба кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскай Марыя Калеснікава была схопленая ў цэнтры Мінска і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Калеснікава адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт. Яе вярнулі ў краіну і прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Падчас зняволення перанесла складаную аперацыю. Доўгі час утрымлівалася ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка памілаваў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў, у тым ліку Калеснікава, і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны. Пазней Калеснікава і Бабарыка пераехалі ў Германію.

Калеснікава: Буду больш дакладна фармуляваць і трансляваць нашу пазіцыю па палітвязнях, сітуацыі ў Беларусі

24 студзеня, Позірк. Развівацца ў галіне культуры і мастацтва, крэатыўнага бізнесу і ў сацыяльна-палітычным кірунку мае намер вызваленая ў мінулым снежні і вывезеная з Беларусі Марыя Калеснікава — член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі. Пра …

Калеснікава выступае за дыялог Еўропы з рэжымам Лукашэнкі

19 студзеня, Позірк. За дыялог Еўропы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі выступіла ў інтэрв'ю Financial Times вызваленая ў мінулым снежні і вывезеная з Беларусі Марыя Калеснікава — член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі. На думку экс-палітзняволенай, …
Падзяліцца: