Мінск 17:53

Калеснікава: Буду больш дакладна фармуляваць і трансляваць нашу пазіцыю па палітвязнях, сітуацыі ў Беларусі

Архіўнае фота: прэс-служба прэзідэнта Германіі

24 студзеня, Позірк. Развівацца ў галіне культуры і мастацтва, крэатыўнага бізнесу і ў сацыяльна-палітычным кірунку мае намер вызваленая ў мінулым снежні і вывезеная з Беларусі Марыя Калеснікава — член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі.

Пра свае планы былая палітычная зняволеная распавяла ў інтэрв’ю некалі галоўнаму рэдактару ліквідаванага ў Беларусі партала tut.by, экс-палітзняволенай Марыне Золатавай (вызваленая разам з Калеснікавай і яшчэ 121 вязнем).

“Цяпер я буду больш дакладна фармуляваць нашу пазіцыю і па палітзняволеных, і па сітуацыі ў Беларусі агулам — і буду яе трансляваць, — адзначыла спікер, кажучы пра сацыяльна-палітычны кірунак. — Я запрошаная на шэраг сустрэч і мерапрыемстваў. Напрыклад, на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы, дзе буду мець магчымасць выказваць сваю пазіцыю”.

Паводле слоў Калеснікавай, у Беларусі склалася “вельмі цяжкая” сітуацыя, але з любой такой сітуацыі “існуе нейкі выхад”.

“Я маю бачанне, якім ён можа быць. Калі фармуляваць у двух словах, то гэта “вяртанне да нармальнасці”. Мне вельмі падабаецца гэтае словазлучэнне, — сказала яна. — Вяртанне да нармальнасці — гэта не працэс, які адбываецца хутка ці за адзін дзень. Гэта паступовае памяншэнне ціску на грамадства і бізнес, вывад краіны з ізаляцыі. Гаворка ідзе пра спыненне затрыманняў, прыпыненне дзеяння рэпрэсіўных законаў, пра тое, каб людзі маглі свабодна чытаць навіны, падарожнічаць, весці бізнес і развіваць грамадзянскія ініцыятывы, спакойна вяртацца ў краіну, атрымліваць дакументы за мяжой. Для гэтага патрэбныя зразумелыя і прадказальныя правілы — як для вяртання людзей, так і для працы незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці”.

Экс-палітзняволеная лічыць, што ў гэтым зацікаўленыя ўсе — як тыя, хто з’ехаў, так і тыя, хто застаўся ў Беларусі.

“Мы хочам, каб Беларусь, якую мы маем у нашым уяўленні, існавала, — адзначыла яна. — Цяпер здаецца, што гэта нерэальна. Але ў гісторыі ніколі не бывала, каб нешта цягнулася вечна. І тая сітуацыя, якая цяпер склалася ў нашай краіне, яна некалі скончыцца. І чаму б ужо зараз не пачаць фармаваць атмасферу і глебу для таго, каб далейшая палітычная трансфармацыя адбылася менш балюча або з найменшымі ўзрушэннямі?”

“Ці магчыма такое вяртанне да нармальнасці пры цяперашняй уладзе? Раней пры [Аляксандры] Лукашэнку многія з гэтых рэчаў існавалі. Ці магчыма гэта цяпер — складанае пытанне. Але пра гэта могуць гаварыць і заходнія партнёры, і ўлады ўнутры краіны таксама могуць разумець важнасць гэтага працэсу”, — дадала суразмоўніца Золатавай.

Калеснікава мяркуе, што беларускія ўлады цяпер транслююць сігнал пра жаданне аднавіць нармальныя стасункі “з суседзямі, з Еўропай”. “Гэта не мае фантазіі, гэта тое, што я перыядычна чую, — падкрэсліла яна. — Адкрыццё межаў, аднаўленне сувязей, вяртанне людзей, вяртанне бізнесу. Я ўпэўненая, што беларускім уладам важна і трэба, каб бізнес вярнуўся, каб вярнуліся актыўныя беларусы, якія ўмеюць працаваць… Іншая справа, што разуменне “нармальнасці” ў нас сапраўды крыху рознае. Калі б яно было аднолькавым, не было б пяці гадоў рэпрэсій і ідэалагічнай напампоўкі”, — канстатавала спікер.

Калеснікава заявіла, што не згодная з падыходам, у аснове якога ляжыць стратэгія ўзмацнення санкцый: “Надоечы выйшла маё першае інтэрв’ю ў FT, дзе я выклала сваё бачанне”. Паводле яе слоў, “санкцыі ўводзяцца для таго, каб іх некалі скасоўваць, і калі санкцыі б’юць па звычайных людзях і бізнесе, у гэтым няма нічога добрага”. Экс-палітзняволеная заявіла, што гатовая да дыялогу з уладамі.

7 верасня 2020 года кіраўніца штаба Бабарыкі, а пасля яго затрымання ў чэрвені — прадстаўніца аб’яднанага штаба кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскай Марыя Калеснікава была схопленая ў цэнтры Мінска і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Калеснікава адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт. Яе вярнулі ў краіну і прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Падчас зняволення перанесла складаную аперацыю. Доўгі час утрымлівалася ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка памілаваў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў, у тым ліку Калеснікава, і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны. Пазней Калеснікава і Бабарыка пераехалі ў Германію.

Падзяліцца: