Мінск 20:45

За травень 2026 года беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 32 чалавекі

Ілюстрацыя: "Позірк"

4 чэрвеня, Позірк. На канец траўня 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 854 палітычныя зняволеныя, у тым ліку 112 жанчын, вынікае са штомесячнага агляду сітуацыі з правамі чалавека, апублікаванага 4 чэрвеня праваабарончым цэнтрам “Вясна“.

За месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 32 чалавекі.

Падкрэсліваецца, што зніжэнне колькасці новых прызнанняў палітвязнямі не азначае змяншэння маштабаў рэпрэсій: праваабаронцам усё складаней атрымліваць інфармацыю праз тое, што ўлады не даюць яе ў публічны доступ і ўзмацняюць ціск на людзей, якія паведамляюць пра пераслед.

Колькасць былых палітвязняў склала 3.833, мінімум 170 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы па стане здароўя, з-за ўзросту або абставінаў зняволення.

З 2020 года мінімум 9.792 чалавекі сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным пераследам і мінімум 8.477 асуджана, у тым ліку завочна. Гэтыя паказчыкі “працягваюць расці кожны месяц, хоць праваабаронцы істотна абмежаваныя ў магчымасцях атрымання інфармацыі аб пераследзе”, адзначаецца ў дакладзе.

У траўні зафіксавана больш за 30 ператрусаў у актывістаў, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, у шэрагу выпадкаў ператрусы былі звязаныя з выбарамі ў Каардынацыйную раду і мерапрыемствамі да Дня Волі.

У абноўленую расійскую базу вышуку на канец траўня было ўнесена каля 6 тыс. грамадзян Беларусі, зафіксаваныя выпадкі затрымання беларусаў, якія пераследуюцца па палітычных матывах, на запыт Мінска ў Арменіі і Італіі.

На ўездзе ў Беларусь працягваліся ўзмоцненыя праверкі, допыты і затрыманні актывістаў, якія з’ехалі пасля 2020 года. Паведамлялася аб асабістым даглядзе з поўным распрананнем.

Праваабаронцам вядома пра 11 палітвязняў, якія адбылі прызначаны судом тэрмін і ўтрымліваюцца ў няволі па прызначаным судом дадатковым тэрміне пазбаўлення волі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, які выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Гэтую меру зведалі 43 палітвязні, некаторыя — неаднаразова. Усяго вядома пра 83 асуджаных па палітычных матывах, якім падаўжаўся тэрмін зняволення па ўказаным артыкуле з 2020 года.

Працягваецца пераслед за салідарнасць з Украінай у кантэксце вайсковай агрэсіі Расіі. На канец траўня праваабаронцам было вядома пра як мінімум 171 грамадзяніна, які пазбаўлены волі альбо адбывае абмежаванне волі за салідарнасць з Украінай.

Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, як і ў мінулыя месяцы, “працягвалі папаўняць у пазасудовым парадку пералікі, якія маркіруюць фізічных асоб, арганізацыі, ініцыятывы як тыя, што маюць адносіны да “экстрэмізму“ і “тэрарызму“.

У пераліку “тэрарыстаў” на канец траўня было 1.614 чалавек, з іх 696 — грамадзяне Беларусі, за месяц у яго ўнесена 18 чалавек. Пералік “тэрарыстычных арганізацый” налічвае 484 пазіцыі, у траўні ён не папаўняўся.

Пералік асобаў, якія маюць дачыненне да “экстрэмізму”, у траўні дапоўнены 72 грамадзянамі, на канец месяца ён уключаў 6 650 чалавек. Пералік “экстрэмісцкіх фарміраванняў” павялічыўся на сем пазіцый да 371.

Падзяліцца: