Мінск 19:46

Лябедзька: Пасяджэнні альянсу “За дэмакратычную Беларусь” у вядучых краінах Еўропы даказваюць, што мы цікавыя не толькі Літве і Польшчы

Удзельнікі сустрэчы альянсу парламенцкіх груп "За дэмакратычную Беларусь" 4 чэрвеня 2026 года ў Лондане
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

4 чэрвеня, Позірк. Правядзенне пасяджэнняў альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” паслядоўна ў Берліне, Рыме, Парыжы і Лондане закліканае ў тым ліку разбурыць стэрэатып аб тым, што Беларуссю ў Еўропе цікавяцца толькі ў суседніх Літве і Польшчы. Пра гэта заявіў у каментары Позірку дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. 4 чэрвеня ён знаходзіцца ў Лондане, дзе праходзіць чацвёртая сустрэча альянсу.

“Такім чынам, — працягнуў палітык, — беларускае пытанне прысутнічае на парадку дня парламентаў вядучых еўрапейскіх краін“.

Лябедзька адзначыў, што падчас пасяджэння ў сталіцы Вялікабрытаніі парламентары абмяняліся “найлепшымі практыкамі“ працы груп “За дэмакратычную Беларусь“ у сваіх заканадаўчых органах.

Напрыклад, паводле слоў прадстаўнікоў Літвы, ім удалося не дапусціць прыраўноўвання прававога статусу беларусаў да статусу расіян. Яны таксама падзяліліся інфармацыяй аб афіцыйнай цырымоніі ўзняцця беларускага нацыянальнага сцяга ў Дзень Волі 25 сакавіка, прапанаваўшы налета распаўсюдзіць гэтую практыку на іншыя краіны.

Лябедзька адзначыў, што галоўнай “скразной“ тэмай чацвёртай сустрэчы альянсу, паводле прапановы брытанскага боку, стала “пазітыўная альтэрнатыва“, гэта значыць “будучыня Беларусі без Лукашэнкі і без Пуціна, і падрыхтоўка адпаведных рэформаў“. Прэзентацыю “пазітыўнай альтэрнатывы” зрабіў сам Лябедзька.

Таксама ў рамках сустрэчы адбылася дыскусія аб еўрапейскім выбары Беларусі, падчас якой апроч іншага абмяркоўвалася пытанне “магчымага атрымання якога-небудзь статусу дэлегацыі беларускіх дэмсілаў у Еўрапарламенце“, паведаміў дарадца Ціханоўскай.

Таксама, паводле яго слоў, праграмай прадугледжаная дыскусія па праекце Канстытуцыі новай Беларусі, асноўным дакладчыкам у рамках якой выступае член Еўрапарламента і былы старшыня Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюс Жалімас.

Лябедзька паведаміў, што дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў правядзе прэзентацыю па тэме адказнасці беларускага рэжыму, а прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка — па эканамічных рэформах.

“Далей падсумуем вынікі і перакінем эстафету ў Осла, дзе ў студзені наступнага года запланаванае правядзенне пятага пасяджэння альянсу“, — паведаміў палітык.

Як адзначаецца на старонцы Ціханоўскай у сетцы “Х”, акрамя чальцоў брытанскага парламента, у пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі заканадаўчых органаў Грузіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Украіны, Чэхіі, Харватыі, а таксама члены Еўрапарламента і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Ціханоўская, выступаючы на адкрыцці пасяджэння, заявіла пра неабходнасць захоўваць міжнародны ціск на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, дамагацца адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў, рыхтавацца да будучых дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Асаблівую ўвагу яна надала абмеркаванню “пазітыўнай альтэрнатывы” для краіны: таго, якой можа стаць Беларусь пасля заканчэння дыктатуры, як правесці дэмакратычныя рэформы, аднавіць вяршэнства права і вярнуць краіну ў сям’ю еўрапейскіх народаў.

Аб стварэнні альянсу “За дэмакратычную Беларусь” аднайменнымі групамі ў парламентах шэрагу дэмакратычных краін было абвешчана ў сакавіку 2023 года. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж года ў Берліне, другая — у сакавіку 2025 года ў Рыме, трэцяя — у кастрычніку таго ж года ў Парыжы.

Агулам у альянс уваходзяць прадстаўнікі каля 20 еўрапейскіх парламентаў.

Падзяліцца: