Мінск 18:29

У 2026 годзе АДКБ, у якую ўваходзіць Беларусь, правядзе 60 мерапрыемстваў па падрыхтоўцы войскаў

Ілюстрацыя на сайце ПА АДКБ

12 лютага, Позірк. “Найбольш складанае становішча” цяпер Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) бачыць у рэгіёне Усходняй Еўропы, вынікае з заявы начальніка Аб’яднанага штаба АДКБ Андрэя Сердзюкова на брыфінгу 12 лютага.

Паводле яго слоў, у Еўропе паскоранымі тэмпамі “працягваецца мілітарызацыя, <…> адкрыта скіраваная на падрыхтоўку да ваеннага супрацьстаяння з Расіяй”.

Ваеначальнік заявіў, што ў непасрэднай блізкасці ад краін АДКБ “актыўна нарошчваецца прысутнасць кааліцыйных войскаў”, ажыццяўляецца “аператыўнае абсталяванне тэрыторый і ўдасканаленне адпаведнай інфраструктуры”.

Ва ўмовах “існых і прагназаваных выклікаў і пагроз калектыўнай бяспецы” для АДКБ адной з прыярытэтных задач на 2026 год з’яўляецца “якасная арганізацыя і эфектыўнае правядзенне мерапрыемстваў сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі”.

Паводле слоў Сердзюкова, у плане на 2026 год прадугледжана 60 такіх мерапрыемстваў, уключаючы 8 камандна-штабных і спецыяльных вучэнняў.

На сакавік запланавана стратэгічная камандна-штабная трэніроўка Аб’яднанага штаба, сакратарыята, а таксама аператыўных груп “зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў” дзяржаў — членаў ваенна-палітычнага блока.

Ваеначальнік нагадаў, што ў кастрычніку на тэрыторыі Беларусі пройдуць камандна-штабныя вучэнні “Непарушнае брацтва — 2026” з міратворчымі сіламі, а таксама спецыяльныя вучэнні “Бар’ер — 2026” — з сумесным фармаваннем радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны і медыцынскага забеспячэння. Паводле слоў Сердзюкова, падчас сакавіцкай трэніроўкі “будуць адпрацаваныя пытанні прымянення ўсіх кампанентаў калектыўных сіл, якія прыцягваюцца да сумесных вучэнняў”.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.

Падзяліцца: