Мінск 12:05

Ад пачатку года адбылося больш за 1,4 тыс. пажараў, ад агню загінула 165 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

16 лютага, Позірк. Ад пачатку 2026 года ў Беларусі адбылося 1.403 пажары — у 1,7 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (847), сведчаць даныя на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Згодна са статыстыкай МНС, на пажарах загінула 165 чалавек (у 1,6 раза больш; 101), траўмавана — 120 (у 2,3 раза больш; 52), выратавана — 147 (у 2,8 раза больш; 52).

За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 15 лютага да 6:00 16 лютага) ад агню загінула два чалавекі.

У ноч на 16 лютага ў кватэры аднаго з пяціпавярховых дамоў на вул. Братоў Лізюковых у Гомелі было знойдзена цела. Мужчына 1974 года нараджэння без прыкметаў жыцця ляжаў на канапе ў пакоі, што гарэў. У іншым пакоі, дзе не было агню, у непрытомным стане знаходзілася гаспадыня кватэры (1952 г.н.), яе вынеслі на свежае паветра, а пасля шпіталізавалі.

Абставіны гібелі другой ахвяры агню — у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці — не прыводзяцца.

Падзяліцца: