Мінск 17:34

Прапанову здзейсніць разбой у Смалявіцкім раёне замежнікі атрымалі праз “Тэлеграм” — МУС

Фота: МУС

16 лютага, Позірк. Замежнікі, затрыманыя за разбойны напад у Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць), паведамілі пра свае матывы міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову, паведамляе МУС.

Паводле іх слоў, прапанову аб “злачыннай падпрацоўцы”, яны атрымалі ў месенджары “Телеграм”, адзначае ведамства.

Пасля гэтага ім “загадалі прыбыць у аграгарадок Будагава <..> , знайсці дом ахвяры, збіць мужчыну і даслаць відэасправаздачу заказчыку”. “За выкананую працу абяцалі 300 тыс. рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні без удакладнення, пра беларускія ці расійскія рублі гаворка.

“Трое маладых людзей ва ўзросце 17 і 18 гадоў прыехалі ў Мінск, папярэдне ўзброіўшыся нажом, кастэтам, бітай, пісталетамі, газавым балончыкам, узялі каршэрынгавы аўтамабіль і накіраваліся для выканання задання”, — паведамляе МУС.

Адзначаецца, што гаспадар дома “заўважыўшы падазроных візіцёраў”, “паспеў націснуць кнопку трывожнай сігналізацыі, дзякуючы чаму на месца злачынства аператыўна прыбылі два нарады Дэпартамента аховы і затрымалі нападнікаў па гарачых слядах”.

Раней МУС і Следчы камітэт (СК) паведамілі, што згаданы напад адбыўся каля 4 гадзін раніцы 16 лютага.

Паводле даных СК, разбіўшы акно, замежнікі ўварваліся ў прыватны дом і нанеслі множныя траўмы 63‑гадоваму гаспадару, яго 65‑гадовай жонцы і 67‑гадоваму брату.

Паведамлялася, што ў сувязі з тым, што гаспадар жылля перад разбіццём акна паспеў націснуць трывожную кнопку Дэпартамента аховы МУС, “супрацоўнікі міліцыі, якія аператыўна прыбылі на месца, заблакавалі домаўладанне і адразу затрымалі двух нападнікаў”, трэці “паспрабаваў уцячы з пісталетам, але быў затрыманы на тэрыторыі Смалявіцкага раёна”.

“З улікам таго, што напад носіць заказны характар, да разбору падлучаныя супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола. Трое пацярпелых дастаўленыя ў бальніцу”, — паведамляла МУС.

Паводле інфармацыі СК, “цяпер устанаўліваецца ступень цяжкасці атрыманых імі цялесных пашкоджанняў”.

Падзяліцца: