Мінск 17:41

Лукашэнка напярэдадні Вышэйшага дзяржсавета СД: Мы з Расіяй маем кучу праблем

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

16 лютага, Позірк. Ва ўзаемаадносінах Беларусі і Расіі “куча праблем”, якія бакі павінны абмеркаваць на будучым Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы (СД), вынікае са слоў Аляксандра Лукашэнкі 16 лютага на сустрэчы з дзяржсакратаром СД Сяргеем Глазьевым.

“Мне здаецца, такіх няма пытанняў, дзе мы не можам нашы пазіцыі суаднесці і прыняць адзінае рашэнне, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Мы сур’ёзна настроеныя працаваць з Расіяй настолькі, наколькі здольная на гэта Расія”.

Паводле слоў палітыка, калі ў “пэўных пытаннях” эканомікі краіны “вельмі далёка адышлі адна ад адной”, то ў палітыцы, дыпламатыі, сферах абароны і вайскова-прамысловага комплексу “жыццё прымусіла быць разам”.

“Час паказаў, што сяброў у нас — раз-два і аблічыўся. І адзін без аднаго абысціся мы не можам. І дзякуй Богу, што гэты час паставіў нас усіх на месца”, — лічыць ён.

Кажучы пра ВДС, Лукашэнка адзначыў, што дата яго правядзення — 26 лютага — была вызначаная падчас апошняй размовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным 8 лютага. У гэтым кантэксце ён згадаў пра сустрэчу лідараў “Савета міру” ў Вашынгтоне (саміт арганізацыі, якую фармуе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, мае прайсці 19 лютага; афіцыйны Мінск пагадзіўся далучыцца).

“Хоць тут канспіралогія вялікая пасля гэтай размовы [з Пуціным]. Тым больш што гэтае пытанне супала акурат з “Саветам міру”, які Дональд Трамп будзе праводзіць, і маім запрашэннем на гэты савет. Таму ўсе нашыя перамовы, размовы з прэзідэнтам Пуціным зацямніла гэтае пытанне. Тым не менш галоўнае, асноўнае пытанне, якое мы абмяркоўвалі, — гэта пасяджэнне найвышэйшага органа нашай СД і далейшыя кантакты нашы з прэзідэнтам Расіі і перамовы па тых пытаннях, якія тычацца Беларусі і Расіі”, — паведаміў палітык.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь “заўсёды была арыентаваная на Расію”, таму што там “нашы рэсурсы і рынак, калі пра эканоміку”.

Характарызуючы перамовы Беларусі з ЗША, спікер заявіў, што ў Мінска атрымліваецца “вырашаць свае праблемы”, але “не за кошт брацкай і роднай нам Расіі”.

“Галоўнае, каб Расія падтрымлівала Беларусь у патрэбны момант і, крый божа, не адвярнулася ад Беларусі. А адарваць нас ад Расіі… Слухайце, мы ўдваіх засталіся. Удваіх з Пуціным — Беларусь і Расія”, — падсумаваў Лукашэнка.

Папярэдняе пасяджэнне ВДС прайшло 6 снежня 2024 года. Тады была зацверджаная агульная канцэпцыя бяспекі, заключаны міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі. Лукашэнка пасля пасяджэння заявіў, што папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі расійскія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці “Арэшнік”. Пуцін адзначыў, што гэты ракетны комплекс можна будзе размясціць на беларускай тэрыторыі ў другой палове 2025 года.

Зараз Мінск заяўляе, што “Арэшнік” знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Аб’яднанне BelPol сцвярджае адваротнае.

Гл. таксама:

Непераканаўчыя тлумачэнні Эйсмант. Чаму Лукашэнка не паедзе ў Вашынгтон на сустрэчу з Трампам (на рускай мове)

Лукашэнка: Няма той сілы, што здольная адарваць Беларусь ад Расіі

16 лютага, Позірк. У свеце "няма той сілы, што здольная адарваць Беларусь ад Расіі і Расію ад Беларусі", заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 лютага на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым. "У Расіі некаторыя кажуць, што нехта спрабуе адарваць …
Падзяліцца: