Мінск 22:10

Кіеў робіць захады па абмене журналісткі Кардаш, якая абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з КДБ — дзяржабвінаваўца па справе

Архіўнае відэа: СБУ Стоп-кадр: “Позірк”

16 лютага, Позірк. Кіеўскі апеляцыйны суд адхіліў 16 лютага скаргу на арышт беларускай журналісткі Іны Кардаш, якую 20 студзеня затрымалі паводле падазрэння ў шпіянажы на карысць КДБ Беларусі, паведамляе suspilne.media.

Адвакат Кардаш заявіла ў судзе, што тыя дакументы, з якімі яна азнаёмілася, не даказваюць вінаватасці Кардаш у шпіянажы.

Паводле слоў пракурора, падазрэнне ў дачыненні да Кардаш пацвярджаецца запісамі праслухоўвання, а таксама экспертызай, якая пацвердзіла, што жанчына “перасылала куратарам таемныя дакументы”.

Дзяржабвінаваўца таксама паведаміў, што “прымаюцца меры па яе абмене з беларускім бокам”.

У публікацыі гаворыцца, што Кардаш працавала ва Украіне журналісткай з 2019 года — спачатку на тэлеканале 112, а затым у інфармагенцтве “Інтэрфакс Украіна”. Паводле версіі следства, з таго ж года яна ўвесь час кантактавала з грамадзянінам Беларусі, які “ажыццяўляў канфідэнцыйнае супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі”.

У верасні 2025 года яна з’ехала ў Беларусь, дзе яе, паводле звестак следства, завербаваў КДБ. Пасля жанчына падпісала кантракт з Галоўным упраўленнем выведкі Мінабароны Украіны і ўладкавалася ў Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі. Там, паводле матэрыялаў справы, яна фатаграфавала сакрэтныя дакументы і перасылала куратару ў КДБ.

29 студзеня паведамлялася, што Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева выбраў меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай без права ўнясення закладу падазраванай у шпіянажы беларусцы, якая “доўгі час працавала журналісткай у Кіеве і спрабавала пранікнуць у адно з падраздзяленняў Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны”.

Пра тое, што Служба бяспекі Украіны (СБУ) і Служба ўласнай бяспекі ГУВ папярэдзілі “пранікненне агента беларускага КДБ у падраздзяленне Сіл абароны” СБУ паведаміла 27 студзеня.

Заяўлялася, што ў выніку “шматэтапнай спецаперацыі” ў Кіеве затрымана 35-гадовая грамадзянка Беларусі — “глыбока заканспіраваная шпіёнка, якая працавала на КДБ РБ з 2015 года”.

Служба бяспекі Украіны заявіла, што “дзякуючы своечасоваму выкрыццю шпіёнкі” супрацоўнікі СБУ і ГУР “пачалі з беларускай агенткай доўгатэрміновую аператыўную гульню, якая дазволіла не толькі дакументаваць кожны яе крок, але і праз яе рэгулярна дэзінфармаваць беларускую спецслужбу”.

“Сабраўшы поўную доказную базу на шпіёнку, СБУ ва ўзаемадзеянні з ГУР затрымала яе каля месца пражывання. У фігуранткі канфіскаваны смартфон і дыктафон, на якія яна фіксавала закрытую інфармацыю. У цяперашні час следчыя СБУ паведамілі ёй аб падазрэнні паdjlkt ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэкса. вартай, ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці”, — гаварылася ў відэаматэрыяле.

Падзяліцца: