Ціханоўская назвала “правільным і своечасовым” рашэнне Зяленскага ўвесці санкцыі супраць Лукашэнкі

18 лютага, Позірк. “Правільным і своечасовым” назвала ў сваім тэлеграм-канале рашэнне Украіны аб увядзенні санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.
“І я дзякую прэзідэнту Зяленскаму за прынцыповую пазіцыю. Лукашэнка не з’яўляецца легітымным кіраўніком: ён незаконна захапіў уладу і служыць інтарэсам Расіі, а не беларускаму народу. Беларускі народ стаў закладнікам двух дыктатараў”, — адзначыла палітык.
“Уведзеныя Украінай санкцыі — гэта санкцыі супраць дыктатара асабіста. Ён дапамагае Расіі ў злачыннай вайне, вырабляе зброю і, безумоўна, павінен панесці за гэта адказнасць паводле міжнароднага права. Гэта таксама дакладнае пасланне тым, хто акружае Лукашэнку: дапамагаючы яму, вы становіцеся саўдзельнікамі злачынстваў. Беспакаранасць — гэта тое, што ўзмацняе дыктатараў. І сёння Украіна паказала, што беспакаранасці быць не павінна”, — падкрэсліла Ціханоўская.
“Вайна павінна быць спыненая, а мір і справядлівасць — адноўленыя”, — дадала яна.
Таксама Ціханоўская выказала падтрымку рашэнню прэзідэнта Украіны ў сетцы Х.
“Я вітаю рашучыя санкцыі Украіны супраць дыктатара Лукашэнкі за яго наўпроставую ролю ў вайне Расіі. Ён з’яўляецца незаконным узурпатарам і ваенным злачынцам, які ператварыў нашу краіну ў ваенную базу для агрэсіі. Свабодная Беларусь ніколі не будзе пагражаць Украіне ці Еўропе”, — гаворыцца ў публікацыі.
Аб увядзенні Украінай санкцый супраць Лукашэнкі Зяленскі 18 лютага паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
Зяленскі заявіў, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнкі “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.
Ён падкрэсліў, што Лукашэнка ўжо даволі даўно “абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады, дапамагае расіянам абыходзіць санкцыі за гэтую агрэсію, актыўна апраўдвае расійскую вайну, а цяпер яшчэ і павялічвае свой уласны ўдзел у маштабаванні і зацягванні вайны”.
“За гэта будуць асаблівыя наступствы”, — рэзюмаваў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Згодна з указам Зяленскага, Лукашэнка пазбаўлены дзяржаўных узнагарод Украіны, уведзеныя блакаванне яго актываў і забарона на карыстанне і распараджэнне імі, прадугледжаныя іншыя санкцыі, уключаючы забарону на ўезд ва Украіну.
25 студзеня Зяленскі і Ціханоўская правялі першыя поўнафарматныя перамовы ў Вільнюсе, дзе ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у памяць аб удзельніках паўстання 1863–64 гадоў супраць расійскага царызму. Па выніках сустрэчы быў анансаваны візіт Ціханоўскай у Кіеў.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі прадаставіў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследвальнікі неаднаразова прадстаўлялі звесткі, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулы дзень суседнія краіны ЕС зафіксавалі 10 спробаў незаконнага пераходу з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- ГрамадстваКаля 20 тыс. старшакласнікаў будзе навучана першай дапамозе ў рамках праекта "Запусці сэрца"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаДа 2030 года плануецца адрамантаваць 25 тыс. км дарог — Мінтранс (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства



