Мінск 20:06

У Беларусі па-ранейшаму застаюцца 496 літоўскіх цягачоў і 575 паўпрычэпаў — LINAVA

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі

20 лютага, Позірк. У Беларусі па-ранейшаму застаюцца 496 літоўскіх цягачоў і 575 паўпрычэпаў, паведамляе партал Delfi са спасылкай на прэзідэнта Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў (LINAVA) Эрландаса Мікенаса.

Паводле яго слоў, такія даныя паведамілі прадстаўнікі 149 кампаній.

Мікенас падкрэсліў, што транспарт не вяртаюць, а перавозчыкі па-ранейшаму атрымліваюць рахункі за іх стаянку на платных пляцоўках. Страты асобна ўзятых кампаній могуць дасягаць сотняў тысяч еўра, а агульныя страты — мільёны еўра, сказаў ён.

Пытанне, паводле яго слоў, плануецца вырашаць не толькі шляхам супрацоўніцтва з літоўскімі ведамствамі, але і на ўзроўні Еўрасаюза: “Мы працягваем актыўны дыялог з літоўскімі ведамствамі, у першую чаргу з МЗС. Ацэньваем магчымыя палітычныя, дыпламатычныя і юрыдычныя захады, абмяркоўваем узняцце гэтага пытання на ўзровень ЕС”.

9 студзеня LINAVA паведамляла, што ў Беларусі знаходзілася 410 грузавікоў, 473 прычэпы і 30 іншых транспартных сродкаў, якія належаць літоўскім кампаніям.

Прадстаўнікі LINAVA адзначалі, што кіроўцы затрыманых грузавікоў фізічна не знаходзяцца ў Беларусі: “У большасці выпадкаў грузавікі і прычэпы былі пакінутыя на стаянках захоўвання, а кіроўцы вернутыя ў Літву або перанакіраваныя на іншыя маршруты. Аднак сітуацыя мае індывідуальны характар — кожная кампанія прымала ўласныя рашэнні, улічваючы пытанні бяспекі, лагістыкі і арганізацыі працы”.

У канцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў узмацніць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні.

На фоне абвешчанага намеру літоўскіх перавозчыкаў прыцягнуць да адказнасці ўрад сваёй краіны праз грузавы транспарт, які захрас у Беларусі, 7 студзеня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што адпаведны пазоў павінен быць накіраваны супраць Мінска, а не Вільнюса.

29 студзеня паведамлялася, што Вільнюс і Мінск узгадняюць “парадак дня і нейтральнае месца сустрэчы намеснікаў міністраў замежных спраў Літвы і Беларусі”.

Паводле слоў старшыні Камітэта па замежных справах Сейма Рэмігіюса Матузаса, “Беларусь цяпер правакуе, каб адбылася сустрэча на ўзроўні віцэ-міністраў, цяпер ад гэтага не адмаўляюцца, гэта разглядаецца”.

Сярод інтарэсаў Вільнюса Матузас пералічыў “прадухіленне гібрыдных пагроз і вызваленне грузавікоў літоўскіх кампаній, якія захраслі ў Беларусі”.

Падзяліцца: