Мінск 13:02

Будслаўскі касцёл зноў просіць дапамогі на аднаўленне

Фота: catholic.by

27 лютага, Позірк. Ксёндз-настаяцель касцёла ў Будславе (Мядзельскі раён Мінскай вобласці) Аляксей Раманчук звярнуўся па дапамогу ў аднаўленні храма.

Паводле яго слоў, парафія заключыла шэраг дагавораў па выкананні работ: праектна-вышукальных (сума 1 млн 413 тыс. 785,01 рубля), інжынерна-вышукальных (189.937,23), па абследаванні будаўнічых канструкцый будынка касцёла (71.820,73), наданні паслуг па лазерным 3D-сканаванні з наступным стварэннем і апрацоўкай воблака кропак (18.600).

“Самастойна аплаціць рамонтныя работы парафія ушэсця панны Марыі ў Будславе не мае магчымасці і просіць надаць любую бязвыплатную дапамогу ў правядзенні гэтых работ“, — напісаў Раманчук.

19 верасня 2025 года падчас наведвання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праваслаўнай канфесіі “вельмі сур’ёзна дапамаглі ў Жыровічах, дапамаглі каталікам з Будслаўскім касцёлам“.

Верагодна, прамоўца меў на ўвазе дзяржпадтрымку пры аднаўленні касцёла ў Будславе пасля пажару 11 траўня 2021 года. У лютым 2025-га за дапамогу ў гэтым дзякаваў Лукашэнку старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Іосіф Станеўскі.

Пажар прывёў да таго, што дах абваліўся, абраз маці божай Будслаўскай, святыя дары і іншую маёмасць паспелі вынесці. У той жа дзень Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў звярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў на аднаўленне касцёла.

12 траўня 2021 года была створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні святыні.

Першая служба пасля пажару прайшла ў касцёле ў снежні 2021 года. Тады ж паведамлялася, што на аднаўленне пасля пажару было сабрана 1.145.659 рублёў (на 26 лютага 2026 года 1.446.207 рублёў).

Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, як і касцёл ушэсця найсвяцейшай панны Марыі ў Будславе, маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўключаныя ў адпаведны дзяржаўны спіс.

Акрамя таго, у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКО ў 2018 годзе была ўключаная “ўрачыстасць у гонар шанавання абраза маці божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)“ у вёсцы Будслаў. Праходзіць у першую пятніцу і суботу ліпеня.

Такім чынам, падтрыманне захаванасці згаданых аб’ектаў — прамы абавязак дзяржавы, прапісаная ў Кодэксе аб культуры. Дзяржава павінна ў адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцяў, уключаных у спіс, іх “ахоўваць і захоўваць як нацыянальны здабытак“.

Падзяліцца: