Мінск 13:41

“Дом брэсцкага бусла” будзе ліквідаваны з-за адмовы ў арэндзе зямлі — дырэктар

Дом брэсцкага бусла
Фота: breststork.ru

27 лютага, Позірк. У найбліжэйшы час будуць пададзеныя дакументы на ліквідацыю арганізацыі “Дом брэсцкага бусла“. Пра гэта паведаміў у яе тэлеграм-канале дырэктар Дзмітрый Аўдзееў.

Паводле слоў Аўдзеева, 25 лютага ён быў на прыёме ў старшыні Брэсцкага райвыканкама Рыгора Панасюка, дзе арганізацыі “адмовілі ў арэндзе зямлі ў суседняй вёсцы”.

Разам з тым быў прапанаваны іншы ўчастак, але ён не падыходзіць па некалькіх прычынах: “Па-першае, 26 кіламетраў — гэта даволі-такі далёка для нашага цэнтра, для нашай дзейнасці, так як у цэнтры няма ўласнага аўтатранспарту. Другая, асноўная прычына: у месцы, дзе знаходзіцца ўчастак, белы бусел проста не гняздуецца і сацыялізацыя маладняку тут проста немагчымая, бо маладняк не можа звязацца з дзікімі бусламі”.

Як адзначыў дырэктар, ён да апошняга моманту змагаўся і спадзяваўся захаваць цэнтр, але абставіны аказаліся мацнейшымі.

“Няма месца для сімвала Беларусі пад Брэстам”, — рэзюмаваў ён, падкрэсліўшы, што вымушаны падаць дакументы на ліквідацыю.

Прыродаахоўная ўстанова “Цэнтр дапамогі птушкам і жывёлам “Дом брэсцкага бусла” была зарэгістраваная 18 студзеня 2024 года Брэсцкім райвыканкамам у аграгарадку Медна (даныя на kartoteka.by).

На сайце арганізацыі пазначана, што цэнтр прызначаны для “лячэння, рэабілітацыі і далейшага выпуску на волю буслоў, якія трапілі ў бяду”.

“Гэта могуць быць дарослыя буслы, якія атрымалі траўмы, або аслабелыя ад інфекцый. А могуць быць і бусляняты, прынесеныя з розных месцаў. Першы час жыцця на волі іх падкормліваюць. Многіх буслоў прыходзіцца да моманту выпуску ўтрымліваць да 9 месяцаў. Бо ўжо ў канцы лета яны ляцяць у Афрыку, а аслабелыя трапляюцца да нас ужо падчас іх восеньскага міграцыйнага адлёту. Таму ім даводзіцца зімаваць у нашым цёплым зімніку, спецыяльна прызначаны для іх”, — адзначае цэнтр.

На 27 лютага тут утрымліваецца 14 белых і адно птушаня чорнага бусла, а таксама два птушаняты белага лебедзя.

Падзяліцца: