Мінск 13:24

У Мінску затрыманы 20-гадовы замежнік — у яго знойдзена 2,6 кг мефедрона

Ілюстрацыйнае фота: pickpik.com

4 сакавіка, Позірк. 20-гадовы замежны грамадзянін затрыманы ў Мінску па справе аб незаконным абароце псіхатропных рэчываў, вынікае з паведамлення прэс-службы Следчага камітэта.

Грамадзянства не раскрываецца.

Паводле інфармацыі ведамства, у лістападзе 2025 года малады чалавек адгукнуўся на прапанову працы з “хуткім і высокім даходам”.

“Сутнасць “працы” заключалася ў дастаўцы скруткаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Атрымаўшы каардынаты схованкі, хлопец забраў першую закладку. Змесціва патрабавалася расфасаваць на больш дробныя дозы і раскласці па адрасах. Маса першых партый забароненых рэчываў складала ад 20 да 100 грамаў. Неўзабаве куратар прапанаваў “падвышэнне” — арганізаваць наркасклад: забіраць вялікія партыі наркотыку і раскладваць іх на аптовыя закладкі для драбнейшых кур’ераў”.

Адзначаецца, што ў мэтах канспірацыі “куратар” выдаў маладому чалавеку “сродкі на куплю новага мабільнага тэлефона і стварыў для яго акаўнт у мэсэнджары”.

Як заяўляе СК, на пачатку лютага 2026 года замежнік забраў са схованкі ў лесе каля 4 кг “забароненага рэчыва”, частку якога збыў, а астатняе захоўваў на арандаванай кватэры. Неўзабаве пасля гэтага маладога чалавека затрымалі. Падчас вобшуку ў кватэры, дзе ён жыў, было знойдзена больш за 2,6 кг парашкападобнага рэчыва. Экспертыза вызначыла, што “ў складзе пара-Метылэфедрон (мефедрон)”.

“На допыце падазраваны прызнаў сваю віну і даў падрабязныя паказанні пра супрацьпраўную дзейнасць, — адзначае ведамства. — Ён распавёў, што ў 2023 годзе паступіў у адну з вышэйшых навучальных устаноў сталіцы, аднак сутыкнуўся з фінансавымі цяжкасцямі і вырашыў знайсці падпрацоўку”.

Замеджніку выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 328 КК (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў). Ён узяты пад варту.

Паводле інфармацыі СК, цяпер “праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, скіраваныя на высвятленне ўсіх асоб, якія маюць дачыненне да распаўсюду псіхатропных рэчываў”.

Як паведамляў “Позірк”, згодна з данымі Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

На прэс-канферэнцыі 26 лютага ў Мінску намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй Кудрыцкі паведаміў, што ў 2025 годзе спынена дзейнасць 39 інтэрнэт-крам па распаўсюду наркотыкаў.

Падзяліцца: