Мінск 20:13

Лукашэнка: Навошта я прасоўваў айцішнікаў — каб яны ў 2020 годзе краіну пераварочваць стараліся?

Ілюстрацыя: pixabay.com

8 сакавіка, Позірк. Пра важнасць праграмнага забеспячэння ў сферы грамадскага харчавання заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 8 сакавіка рэстаран Mak.by у Першым нацыянальным гандлёвым доме (Мінск).

“Усюды мы ўпіраемся ў адно: праграмнае забеспячэнне. У адваротным выпадку мне нават крыўдна: думаю, навошта я гэты Парк [высокіх тэхналогій] стварыў, навошта я прасоўваў айцішнікаў? Каб у 2020 годзе яны краіну пераварочваць стараліся?” — цытуе прамоўцу яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь неабходна “замыкаць на свой прадукт, каб яны тут выраблялі і прадавалі самі”.

“У Расіі, у Кітаі, усюды наша цэніцца. Іх мазгі вельмі цэняцца. Мне амерыканцы шмат разоў казалі, што неверагоднае могуць зрабіць беларусы. Немагчымае — індусы, а неверагоднае — беларусы”, — сказаў ён.

Парк высокіх тэхналогій быў заснаваны ў 2005 годзе. Адным з яго стваральнікаў з’яўляецца былы дыпламат Валерый Цапкала, які ў 2020 годзе балатаваўся на выбарах прэзідэнта. Пакінуў Беларусь пасля таго, як Цэнтрвыбаркам адмовіўся зарэгістраваць яго кандыдатам, а Следчы камітэт распачаў у дачыненні да яго крымінальную справу.

12 красавіка 2023 года Лукашэнка падпісаў указ “Аб развіцці Парку высокіх тэхналогій”. Дакумент фактычна скасаваў адміністрацыю парку і пасаду яго дырэктара, наўзамен быў створаны сакратарыят — для забеспячэння дзейнасці назіральнай рады ПВТ.

У 2020 годзе многія прадстаўнікі IT-сферы былі актыўнымі ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Пасля пачатку рэпрэсій частка кампаній перадыслакавалася за мяжу. Паводле даных хаба Imaguru, толькі за 2020 год з Беларусі з’ехала больш за 20 тыс. спецыялістаў галіны.

Выступаючы ў Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу РФ 14 сакавіка 2025 года, Лукашэнка выказаў крыўду на ПВТ у кантэксце падзей 2020-га: “Я фактычна дзякуючы такому валявому рашэнню стварыў гэты парк. Сцягнулі і ў Расіі, і ў Беларусі, і ў Еўропе самых дасведчаных, лепшых людзей. Стварылі ўмовы. І яны тады выступілі супраць гэтай улады”.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, супрацоўнікі ІТ-кампаній удзельнічалі ў пратэстах, таму што “іх матчыныя кампаніі давалі каманду гэтым групам, якія ў парку былі створаныя”.

Як адзначаюць праваабаронцы, за апошнія гады Беларусь “страціла свой ганаровы статус IT-краіны” — праз рэпрэсіі і вайну ва Украіне буйныя кампаніі былі вымушаныя пакінуць краіну, што “прывяло да масавай эміграцыі айцішнікаў”.

Падзяліцца: