Мінск 20:11

Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі

Павел Дабравольскі
Фота: інстаграм-акаўнт Паўла Дабравольскага

9 сакавіка, Позірк. Як стала вядома “Позірку“, журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Рашэнне вынес 6 сакавіка Мінскі гарадскі суд па выніках закрытага працэсу.

Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля свайго 35-годдзя. Абвінавачваўся ў “здрадзе дзяржаве” (арт. 356 КК).

Паводле наяўнай інфармацыі, абвінавачанне было звязана з прафесійнай дзейнасцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі). Яго апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года, напярэдадні яе 30-годдзя, рашэннем КДБ была прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем“.

30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак.

Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку Ірану і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе пацярпеў ад нападу рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.

Акаўнт журналіста ў “Тэлеграме” актываваўся пасля яго арышту мінімум тройчы — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка. Цяпер акаўнта ў месенджары няма.

26 лютага 2026 года за “здраду дзяржаве” вялікія тэрміны пазбаўлення волі атрымалі былыя кіраўнікі баранавіцкага незалежнага СМІ Intex-Press Уладзімір Янукевіч (14 гадоў) і Андрэй Пакаленка (12).

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваецца не менш за 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.

Падзяліцца: