Мінск 20:12

За тыдзень на падставе бязвізу ў Беларусь уехала 3,4 тыс. жыхароў краін ЕС

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

9 сакавіка, Позірк. З 2 па 9 сакавіка ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 3.405 жыхароў еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 2.871), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыло 1.152 грамадзяніны Літвы (982), 1.124 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (775), 710 грамадзян Польшчы (700), 419 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (414).

З сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь наведала 1.283.280 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 412.026 замежнікаў, з Літвы — 671.245, з Польшчы — 138.091. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь заехала 61.918 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: