Мінск 20:11

Беларусы могуць пакінуць Ізраіль рэйсамі мясцовых авіякампаній — амбасада ў Тэль-Авіве

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

9 сакавіка, Позірк. Пра магчымасць пакінуць Ізраіль рэгулярнымі рэйсамі авіякампаній гэтай краіны паведаміла 9 сакавіка амбасада Беларусі, якая працуе ў Тэль-Авіве.

На старонцы дыпламатычнага прадстаўніцтва ў “Фэйсбуку” гаворыцца, што цяпер даступныя квіткі на рэйсы авіякампаній El Al, Israir, Arkia і Air Haifa.

Амбасада адзначае, што “самы хуткі і зручны спосаб выезду — набыць квіток наўпрост на афіцыйным сайце авіякампаніі ці праз ліцэнзаванае турыстычнае агенцтва”.

Пры гэтым “турысты і замежныя грамадзяне, якія апынуліся ў экстранай сітуацыі і не могуць самастойна зарэзерваваць квіток, могуць запоўніць адмысловую форму Міністэрства транспарту Ізраіля для атрымання дапамогі ў арганізацыі выезду”. Разам з тым яе запаўненне не гарантуе таго, што заяўнік атрымае месца на рэйсе, а таксама не вызваляе ад неабходнасці самастойна аплаціць квіток адпаведнай авіякампаніі.

У якія менавіта гарады ізраільскія авіякампаніі прапануюць вылецець турыстам, што знаходзяцца ў краіне, амбасада не ўдакладняе. Беларуская авіякампанія “Белавія”, як і перавозчыкі з іншых краін, пасля пачатку ваенных дзеянняў ізраільскіх і амерыканскіх уладаў у Іране рэйсы ў Ізраіль скасавалі.

Амбасада Беларусі ў Егіпце 9 сакавіка паведаміла пра запланаваны на 10 сакавіка чарговы вывазны рэйс “Белавія” з Амана.

Працягваюцца вывазныя рэйсы беларускага перавозчыка з ААЭ, пра раней анансаваную магчымасць арганізацыі аналагічных рэйсаў з Катара “Белавія” пакуль не паведамляе.

28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоў па ядзернай праграме Тэгерана распачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятолаў у Іране. Вярхоўны лідар Алі Хаменеі, які знаходзіўся ва ўладзе з 1989 года, быў забіты на пачатку баявых дзеянняў. Савет экспертаў Ірана абраў новым вярхоўным лідарам яго сына Маджтабу Хаменеі.

Лукашэнка назваў “напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран” “вераломным” і “непрымальным”.

Падзяліцца: