Мінск 15:59

СК праводзіць праверку па факце гібелі 26-гадовай парадзіхі ў Дзяржынску

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 сакавіка, Позірк. Дзяржынскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць “дбайную праверку” па факце гібелі 26-гадовай цяжарнай жанчыны 8 сакавіка “ў адной з медыцынскіх устаноў Мінскай вобласці”.

Прэс-служба СК паведаміла, што на месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчыя разам са спецыялістамі абласнога ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз правялі агляд, вынялі медыцынскую дакументацыю, выкарыстаныя прэпараты і інструменты. Апытаныя відавочцы здарэння, прызначаны комплекс экспертных даследаванняў.

Інфармацыя пра тое, што 26-гадовая жанчына, якая знаходзілася на 34-м тыдні цяжарнасці (норма — 37–42 тыдні), памерла 8 сакавіка падчас родаў у Дзяржынскай цэнтральнай раённай бальніцы, распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках. Паведамлялася, што дзіця таксама не выжыла. Было выказана меркаванне, што смерць здарылася вельмі хутка — праз анафілактычны шок — нібыта пасля прымянення аднаго прэпарата.

10 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Леанід Нядзень паведаміў, што пасля гэтага выпадку ў згаданай бальніцы спыненае выкарыстанне прэпарата, які атрымлівала жанчына.

Анафілактычны шок — небяспечная для жыцця, імгненная алергічная рэакцыя, якая развіваецца пры паўторным кантакце з алергенам.

Паводле афіцыйных даных, зараз у Беларусі каэфіцыент мацярынскай смяротнасці не перавышае 1,5 выпадка на 100 тыс. жыванароджаных. У 1993 годзе гэты паказчык складаў 20,4.

На пачатку 2025 года Нацыянальны статыстычны камітэт абвінаваціў ААН у скажэнні статыстыкі па Беларусі. Паводле слоў старшыні Белстата Іны Мядзведзевай, даныя па Беларусі былі пераправераныя і выявілася, што шэраг звестак прадстаўлены на аснове экспертных ацэнак і недакладнай інфармацыі. Былі накіраваныя запыты ў адпаведныя арганізацыі.

Мядзведзева паведаміла, што паказчык па мацярынскай смяротнасці, які, паводле яе сцвярджэння, у Беларусі імкнецца да нуля, быў актуалізаваны.

Падзяліцца: