Мінск 17:31

Банкі назапасілі “нядрэнныя рэзервы” і гатовыя падставіць экспарцёрам “фінансавае плячо” — Галоўчанка

10 сакавіка, Позірк. Фінансавая сістэма Беларусі “адчувае сябе няблага”, банкі “назапасілі нядрэнныя рэзервы” і гатовыя падставіць экспарцёрам “фінансавае плячо <…> яшчэ ў большых аб’ёмах, чым гэта ёсць цяпер”, заявіў кіраўнік Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка 10 сакавіка па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

“Ёсць некалькі напрамкаў. Першы — гэта, вядома, крэдытаванне не толькі экспарту беларускай прадукцыі, але і праектаў стварэння зборачных вытворчасцей для беларускай прадукцыі. [Стварэнне] лагістычных і інфраструктурных умоў для продажу нашай прадукцыі”, — сказаў Галоўчанка (паводле відэафрагмента, апублікаванага прэс-службай рэгулятара).

Паводле яго слоў, банкаўская сістэма гатовая таксама выдаткоўваць сродкі для ўкладання ў статутныя фонды або ў капітал прадпрыемстваў з удзелам інвестараў за мяжой.

“Нам трэба актыўней выходзіць, замацоўвацца на знешніх рынках, рэалізоўваць праекты міжнароднай кааперацыі. У Нацбанка, у банкаўскай сістэмы ёсць адпаведныя кампетэнцыі па садзейнічанні такім праектам”, — адзначыў чыноўнік.

За 2025 год аб’ём знешняга гандлю таварамі склаў 89 млрд 765,1 млн долараў (за 2024-ы — 86 млрд 58,1 млн; рост на 4,3%).

Экспарт склаўся на ўзроўні 41 млрд 395,1 млн (40 млрд 344 млн; +2,6%), імпарт — 48 млрд 370 млн (45 млрд 714,1 млн; +5,8%). Адмоўнае сальда дасягнула 6 млрд 974,9 млн (-5 млрд 370,1 млн; +29,9%).

Праблемы з экспартам тавараў прызнаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дыпламатычных устаноў 31 ліпеня 2025 года.

На “касякі” Савета міністраў указаў ён 23 верасня таго ж года на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. “[Тэмпы росту] ВУП — 101,6% (101,3% па выніках 2025 года. — “Позірк”.), але прасядаюць галоўныя галіны”, — сказаў Лукашэнка.

Падзяліцца: