Мінск 11:42

Каля 700 чалавек КДК прыцягнуў да адказнасці ў 2025 годзе за парушэнне правілаў гандлю

Ілюстрацыя: "Позірк"

12 сакавіка, Позірк. Каля 700 чалавек прыцягнуў Камітэт дзяржкантролю (КДК) да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці ў 2025 годзе за парушэнне правілаў гандлю, паведамляюць дзяржСМІ са спасылкай на начальніка аддзела кантролю за працай арганізацый гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг КДК Таццяну Самохіну.

У дачыненні да некаторых суб’ектаў, дзе былі дапушчаныя “грубыя парушэнні”, пачынаюцца адміністрацыйныя працэсы, “і яны прыцягваюцца да штрафаў”. Па выніках праверак і маніторынгу КДК інфармуе мясцовыя органы ўлады, “каб яны прымалі меры рэагавання”, адзначыла чыноўніца.

Прадстаўнік КДК заявіла, што ведамствам “шмат увагі надаецца прафілактыцы”: высылаюцца рэкамендацыі, прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў.

“Як правіла, яны аператыўна ўсё выпраўляюць і даюць справаздачу перад намі — мы можам паўторна праверыць, як яны прывялі ўсё ў адпаведнасць”, — заявіла Самохіна.

Паводле слоў начальніка аддзела, толькі за студзень 2026 года накіравана 60 рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў і недахопаў. “Вінаватыя асобы высвятляюцца, з іх боку прымаюцца меры. Кантроль мы ажыццяўляем пастаянна”, — сказала яна.

12 ліпеня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене кодэксаў у пытаннях адміністрацыйнай адказнасці”. У дакуменце прапісаная адказнасць пастаўшчыкоў і гандлёвых сетак за “невыкананне абавязкаў па пастаўцы плодаагародніннай прадукцыі“.

За “непастаўку“ або “недапастаўку“ гэтай прадукцыі “паводле адпаведнай дамовы са стабілізацыйных фондаў тавараў для рэспубліканскіх патрэб“, а таксама за “яе адсутнасць у гандлёвым аб’екце ў міжсезонны перыяд” прадугледжаны штраф — ад 5 да 200 базавых адзінак (у 2026 годзе гэта ад 225 да 9.000 рублёў).

Пашырэнне паўнамоцтваў органаў фінансавых расследаванняў КДК прадугледжанае праектам закона “Аб змене законаў у пытаннях дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю”, які Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў на пачатку студзеня.

Законапраектам “замацоўваецца новы прынцып дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю — ажыццяўленне прафілактыкі правапарушэнняў у эканамічнай сферы”.

Прадугледжваецца права КДК “прыпыняць працу суб’ектаў гаспадарання пры выяўленні парушэнняў заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні, гандлі і грамадскім харчаванні“, “забараняць дзяржаўную рэгістрацыю і ліквідацыю юрыдычных асоб“, “прыпыняць аперацыі па электронных кашальках у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях“.

Падзяліцца: