Мінск 15:03

Прамысловая прадукцыя за два месяцы 2026 года падаражэла на 0,5%

12 сакавіка, Позірк. У лютым прамысловая прадукцыя падаражэла на 0,4% у параўнанні са студзенем і на 0,5% — за два месяцы 2026 года, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Інвестыцыйныя тавары за люты сталі таннейшымі на 0,5%, з пачатку года — на 0,9%; цэны на прамежкавыя тавары зменшыліся на 0,4% і 0,5% адпаведна, на спажывецкія — на 0,5% і 0,4%.

Цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю знізіліся на 0,4% і на 0,6%: у жывёлагадоўлі — на 0,4% і на 1,2%; раслінаводстве — выраслі на 0,1% і на 1,7%.

У будаўніцтве цэны за месяц зменшыліся на 6,1%, з пачатку года — на 3,3%: будаўніча-мантажныя работы сталі таннейшымі на 7,7% і на 3,5% адпаведна, машыны і абсталяванне — на 0,4% і на 3,7%, іншыя працы і выдаткі — на 19,8% і на 6,7%.

Тарыфы на перавозку грузаў усімі відамі транспарту выраслі на 0,6% за люты і на 0,8% з пачатку года; на паслугі сувязі для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў — на 0,1% і на 0,5%.

Інфляцыя ў лютым склала 0,6%, у параўнанні са снежнем 2025-га рост склаў 1%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год цэны не павінны былі вырасці больш чым на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы важнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у лютым (з нарастаючым вынікам) — не больш чым на 2% (+1%).

Далей: сакавік — 2,5%, красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Тэндэнцыю росту інфляцыі “неабходна пераламаць”, заявіў Лукашэнка 9 верасня 2025 года на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, згодна з вынікамі штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Даведка “Позірку“:

інвестыцыйныя тавары — тавары, якія выпускаюцца за кошт інвестыцыйнага капіталу і служаць для замены, абнаўлення асноўных сродкаў;

прамежкавыя тавары — тавары, якія выкарыстоўваюцца не для канчатковага спажывання, а для далейшага вытворчасці тавараў і паслуг;

спажывецкія тавары — тавары бытавога прызначэння, неабходныя для задавальнення патрэбаў чалавека.

Падзяліцца: