Мінск 18:29

“Еўрапейскі выбар” першым падаў заяўку на ўдзел у выбарах у КР, але ў спісе не хапіла мужчын

Архіўнае фота: "Белсат"

12 сакавіка, Позірк. Пра паступленне ў выбарчую камісію першай заяўкі для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду (КР) 4-га склікання паведамляецца ў тэлеграм-канале гэтай палітычнай структуры.

Адзначаецца, што была пададзеная заяўка з выбарчым спісам пад назвай “Еўрапейскі выбар”. Лідар спісу — Валерый Мацкевіч, кіраўнік штаба — Аліса Рыжычэнка.

Дакументы накіраваныя “ў поўным аб’ёме”, але выбарчая камісія пасля папярэдняга вывучэння “накіравала спісу запыт на ўдакладненне”, бо “не выкананая гендарная норма”.

Звяртаецца ўвага на тое, што ў адпаведнасці з палажэннем пра выбары ў КР у выбарчым спісе мае быць не менш за 40% “найменш прадстаўленага полу”. У выпадку з “Еўрапейскім выбарам”, у спісе не хапіла мужчын.

“Выбарчая камісія накіравала на адрас старшыні штаба “Еўрапейскага выбару” ліст з просьбай да 16 сакавіка ўдакладніць склад спісу, — заявіла старшыня камісіі Алена Прыходзька. — Але лічым, што гэта нескладаная памылка”.

Паведамляецца, што “Еўрапейскі выбар” — частка ўжо існнай у КР аднайменнай фракцыі. “Спіс таксама прадставіў пацвярджэнне галасавання фракцыі як доказ таго, што менавіта гэты спіс фракцыя накіравала ад свайго імя”, — гаворыцца ў паведамленні.

Выбары ў КР 4-га склікання адбудуцца з 11 па 17 траўня 2026 года. Падаваць дакументы на рэгістрацыю можна з 10 да 31 сакавіка. У гэты ж перыяд камісія будзе выносіць рашэнні пра рэгістрацыю.

Падзяліцца: