Мінск 23:12

Ціханоўская прызначыла Казлова прадстаўніком АПК па аднаўленні правапарадку

Мікалай Казлоў
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 сакавіка, Позірк. Святлана Ціханоўская 13 сакавіка прызначыла Мікалая Казлова прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні правапарадку.

“Рашэнне прынятае на падставе рэкамендацый Каардынацыйнай рады, у адпаведнасці з працэдурай”, — паведаміла прэс-служба АПК.

11 сакавіка Каардынацыйная рада (КР) заслухала Казлова і па выніках галасавання на наступны дзень рэкамендавала прызначыць яго на пасаду.

31 студзеня Ціханоўская накіравала ў КР прапанову па кандыдаце прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку. “Лічу, што ягоны багаты прафесійны досвед у галіне правааховы і ў грамадска-палітычнай дзейнасці, аўтарытэт сярод профільных арганізацый, а таксама асабістыя якасці дазволяць яму эфектыўна выконваць абавязкі на гэтай пасадзе”, — абгрунтавала дэмлідар свой выбар.

На слуханнях у КР Казлоў заявіў, што валодае “вялікім досведам у гэтай галіне” і ўжо “дастаткова шчыльна супрацоўнічае” з ініцыятывай BelPol, а таксама мае намер працаваць “з усімі [арганізацыямі] ў сферы праваахоўнай дзейнасці”.

Падчас ужо праведзеных кансультацый, адзначыў Казлоў, “вылучылі асноўныя напрамкі дзейнасці прадстаўніцтва: збор, аналіз інфармацыі пра супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў дзяржаўных органаў Беларусі, дакументаванне супрацьпраўнай дзейнасці, выпрацоўка рэкамендацый для грамадзян Беларусі па мерах бяспекі ва ўмовах, калі дзяржава парушае іх правы, супрацоўніцтва з партнёрскімі арганізацыямі ў распрацоўцы дакументаў па рэалізацыі правасуддзя пераходнага перыяду, выпрацоўка сумеснай стратэгіі, тактычная каардынацыя з партнёрскімі, беларускімі і міжнароднымі арганізацыямі”.

Адказваючы на пытанне пра сваю каманду, прэтэндэнт падкрэсліў, што пакуль не можа называць персаналіі.

Казлоў — былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) (ліквідаваная беларускімі ўладамі ў жніўні 2023 года), некалі супрацоўнік МУС, былы палітвязень. Нарадзіўся 5 студзеня 1967 года ў Валожыне, вырас у Нясвіжы (абодва гарады ў Мінскай вобласці). Скончыў Навасібірскае вышэйшае агульнавайсковае вучылішча, служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікту. Вярнуўся ў Беларусь пасля распаду СССР.

У 2008 годзе падчас назірання за галасаваннем на выбарах у Палату прадстаўнікоў у якасці супрацоўніка міліцыі абвінаваціў у фальсіфікацыі кіраўнікоў лакальнай выбарчай камісіі і неўзабаве звольніўся з МУС.

У лістападзе 2022 года быў асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020. Выйшаў на свабоду ў ліпені 2024 года. Выехаў з Беларусі ў кастрычніку 2025 года.

Першым прадстаўніком АПК па аднаўленні правапарадку быў кіраўнік аб’яднання ByPol Аляксандр Азараў. У жніўні 2023 года КР абвясціла яму вотум недаверу, Ціханоўская як кіраўнік АПК вызваліла яго ад пасады. З таго часу гэтая пазіцыя ў кабінеце была вакантнай.

Падзяліцца: