Прыглушаны расійскай устаноўкай РЭБ украінскі дрон параніў у Беларусі жанчыну, сцвярджае Лукашэнка

13 сакавіка, Позірк. Пра раненне жанчыны ў выніку падзення “ўчора або пазаўчора” (11 або 12 сакавіка) на тэрыторыі Беларусі беспілотнага лятальнага апарата заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 13 сакавіка на пытанні свайго пула журналістаў у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці.
“Пачалі разбірацца — украінскі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Вы чулі, каб я выў, крычаў, вішчаў: “Такія-сякія!”? Хаця меў на гэта права”.
Паводле сцвярджэння аратара, падобнае здарэнне на тэрыторыі краіны адбылося “не ўпершыню”.
“Пачынаю разбірацца, чаму ўпаў. Украінцы па нас удар не наносілі. Расійская ўстаноўка радыёэлектроннай барацьбы працуе — аглушылі гэты беспілотнік, ён паляцеў не туды, сілкаванне скончылася — некіравана ўпаў. Вайна ідзе побач. Вось так здарылася. Ну так, можам пакрычаць, але што зменіцца? Нічога”, — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама паведаміў, што напярэдадні позна ўвечары заслухаў даклад дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча: “Вярнуўся з палігона — правяралі ВПС і войскі СПА. Нядрэнна”.
Разам з тым, звярнуў увагу прамоўца, цяпер трэба будзе праверыць і тэхніку, якая арыентавана на супрацьдзеянне БПЛА — напрыклад комплексы радыёэлектроннай барацьбы.
“Удасканальваем і ваенны складнік. Вясна скончыцца — зробім адпаведныя высновы”, — сказаў Лукашэнка.
Беларускія вайскоўцы рэгулярна выкарыстоўваюць авіяцыю і зенітныя ракетныя комплексы для знішчэння беспілотнікаў, што залятаюць у Беларусь, вынікае з каментарыя дзяржСМІ камандуючага ВПС і войскамі СПА Андрэя Лук’яновіча.
“Мы штодня нясём баявое дзяжурства. Па лічбах ужо нават у гэтым годзе ў нас зафіксавана значнае парушэнне правіл выкарыстання паветранай прасторы і з парушэннем дзяржаўнай мяжы, у тым ліку з баявым прымяненнем. Нашы дзяжурныя сілы выкарыстоўвалі авіяцыю, мы выкарыстоўвалі зенітныя ракетныя войскі, каб знішчаць беспілотныя лятальныя апараты”, — сказаў Лук’яновіч.
З якіх суседніх краін залятаюць БПЛА, ён не ўдакладніў.
Ад пачатку лютага зафіксавана прынамсі тры выпадкі, калі на тэрыторыю Беларусі заляталі расійскія баявыя беспілотнікі, паведаміў 11 лютага сайт “Флагшток”, які асвятляе падзеі ў Гомельскай вобласці, са спасылкай на ўкраінскія маніторынгавыя каналы “Рында маніторыць” і “еРадар”.
Апошні выпадак здарыўся раніцай 7 лютага, калі “адзін дрон вылецеў у Гомельскую вобласць праз Чарнобыль”, а пазней БПЛА “ляцеў курсам на Чарнобыль з Беларусі”. Верагодна, гэта быў адзін і той жа беспілотнік.
Уначы 6 лютага расійскі дрон рухаўся з Беларусі ў бок Оўруча (Жытомірская вобласць Украіны). Пра месца і час залёту дрона ў беларускую паветраную прастору не паведамлялася.
Удзень 5 лютага пара беспілотнікаў “залятала ў Беларусь, каб уздоўж мяжы накіравацца на Кіеўшчыну або Жытоміршчыну”; што з імі было далей, невядома.
У студзені было зафіксавана восем выпадкаў, калі расійскія дроны заляталі на тэрыторыю Беларусі.
У снежні 2025 года не было ніводнага пацверджанага факту перасячэння беларускай мяжы, у лістападзе — чатыры, паведамляе выданне.
На сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага памежнага камітэта Канстанцінам Моластавым і іншымі сілавікамі 12 студзеня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што сістэма абароны прапускае чужыя беспілотнікі.
“Адзінае акно на ўсходзе з Расійскай Федэрацыяй, дзе ў нас крыху лягчэй, — сказаў ён. — Але я б не сказаў, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне, калі невядома адкуль і незразумела адкуль могуць заляцець на тваю тэрыторыю беспілотнікі. Скажам шчыра, мы не навучыліся яшчэ на 100% рэагаваць на ўсе гэтыя залёты і не навучыліся іх на 100% знішчаць. Не ведаю, ці магчымыя гэтыя 100%. Але да гэтага трэба нам імкнуцца”.
Напрыканцы ліпеня 2025 года партал “Зеркало” са спасылкай на відавочцаў паведаміў, што каля 2:00 дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў медыя Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.
[13/03/2026 20:15] Арцём: Пазней Следчы камітэт паведаміў, што беспілотнік, што ўпаў, быў начынены трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, распачата крымінальная справа. СК пацвердзіў, што абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю.
На пачатку жніўня таго ж года рэгіянальнае выданне “Флагшток” паведаміла, што жыхароў дамоў у прыватным сектары ў Рэчыцы (Гомельская вобласць) эвакуявалі праз упаўшы беспілотнік.

- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені 2026 года адмоўнае сальда знешняга гандлю інвестыцыйнымі таварамі склала амаль 60 млн долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка


